Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Камісія ў справах непаўналетніх не змагла пакараць школьніцу за сьвечку ў Курапатах — у кабінэце працякла столь


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Менску дзесяціклясьніцу выклікалі на камісію ў справах непаўналетніх нібыта за пікет у Курапатах. Маці дзяўчыны называе справу дачкі «палітычна матываванай» і адмаўляе яе ўдзел у пікеце.

Дзяўчына патлумачыла ў пратаколе, што 23 красавіка яна адправілася ў Курапаты, каб «запаліць сьвечку, ушанаваць памяць расстраляных і пафатаграфаваць», піша сайт Rebenok.by.

Маці яна расказала, што недалёка ад рэстарана «Поедем поедим» убачыла вядомага грамадзкага дзеяча Зьмітра Дашкевіча і падышла павітацца. Аднак празь некалькі хвілін яе затрымалі і адвезьлі ў міліцыю.

«Я казала, што я непаўналетняя, — расказвае дзяўчына. — Але мяне не паслухалі. Сказалі глядзець у падлогу, вачэй не падымаць і павезьлі ў міліцыю. Я чула, як гэтыя людзі груба лаяліся. Тата прыехаў толькі празь некалькі гадзін. У яго прысутнасьці я дала паказаньні, і мы паехалі дадому».

Праз два тыдні сямʼя атрымала запрашэньне на камісію ў справах непаўналетніх. Па вэрсіі праваахоўных органаў, Марыя раздавала ўлёткі, удзельнічала ў незаконным пікеце. На дзяўчыну завялі справу паводле ч. 1 арт. 24.23 КаАП і абвінавацілі ў незаконным пікетаваньні.

На пасяджэньні камісіі пабывалі журналісты Rebenok.by. Маці Юлія на пасяджэньні заявіла хадайніцтвы і скаргаў. Яна заявіла, што на паседжаньне камісія мусіла запрасіць сьведак затрыманьня — міліцыянтаў і затрыманых разам з Марыяй людзей, аднак гэтага не зрабілі.

«Таксама я падаю скаргу на дзеяньні службовай асобы, — працягнула Юлія. — Адміністрацыйны працэс быў пачаў у момант затрыманьня маёй непаўналетняй дачкі нібыта за раздачу ўлётак. Аднак старшы ўчастковы ІСН РАУС Менскага раёну, які склаў пратакол, на месцы затрыманьня не прысутнічаў і затрыманьня не рабіў. Акрамя гэтага, у справе ёсьць рапарт, паводле якога прозьвішчы і імёны двух сьведкаў-міліцыянтаў былі зьмененыя на нейкіх Іваноўскага і Неўскага».

Юлія падкрэсьліла, што рапарт міліцыянта пад выдуманым іменем ня мае юрыдычнай сілы. Яна таксама зьвярнула ўвагу камісіі на дадатак да справы з фатаграфіямі і ксэракопіямі ўлётак:

«Калі маю дачку затрымалі з улёткамі, то дзе арыгіналы з паметкамі? Чаму на фота немагчыма апазнаць маю дачку? Я вельмі сумняваюся, ці яна гэта наогул. Да таго ж фота зьнятае зь незразумелага носьбіта».

З прычыны таго, што на паседжаньні адсутнічалі сьведкі, камісія вырашыла апытаць Марыю і разгледзець пісьмовыя матэрыялы справы, але ў нейкі момант раптам паседжаньне камісіі вырашылі спыніць — у кабінэце пачала працякаць столь. Камісія вынесла рашэньне: апытаць сьведак на новым слуханьні праз два тыдні.

Чым пагражае ўлік у камісіі

Наступствы пастаноўкі на ўлік у камісіі па справах непаўналетніх шмат у чым залежаць ад таго, за што менавіта падлетак апынуўся пад пільнай увагай. Калі гэта сур’ёзныя парушэньні, такія, як крадзеж, рабаваньне або захоўваньне наркотыкаў, то ў будучыні могуць зьявіцца праблемы з паступленьнем у вайсковую ВНУ і працаўладкаваньнем.

Факт уліку ў ІСН можа адбіцца і на меры пакараньня. Напрыклад, калі падлетак парушыць закон у будучыні.

Парады ад экспэрта непаўналетняму пры затрыманьні

Экспэрт у галіне адміністрацыйнага права Дзьмітры Барайчук падзяліўся з Rebenok.by трыма парадамі аб тым, як паводзіць сябе непаўналетнім, калі іх просяць праехаць у аддзяленьне міліцыі для разбору.

  • Па-першае, падлетак павінен дакладна сказаць, што ён непаўналетні. Калі трэба, хай крычыць пра гэта і прыцягвае ўвагу.
  • Па-другое, у момант затрыманьня дзіця мае права настаяць на званку бацькам ці законнаму прадстаўніку, а таксама запатрабаваць абаронцу.
  • Па-трэцяе, варта памятаць, што бацькі і іншыя законныя прадстаўнікі непаўналетняга маюць права прысутнічаць пры апытаньні непаўналетняга. Маладым людзям неабходна на гэтым настойваць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG