Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Арышты і затрыманьні 16 траўня: ціск на супрацоўнікаў «Беларуснафты» ў Гомлі, адпраўка студэнтаў на Акрэсьціна за налепкі

абноўлена

Аўтазапраўка «Беларуснафты»

У нядзелю, 16 траўня, у Беларусі працягваецца перасьлед жыхароў уладамі. Радыё Свабода працягвае сачыць за падзеямі. Артыкул абнаўляецца.

Затрыманьні на Фэстывалі актыўнага ладу жыцьця

15 траўня на Фэстывалі актыўнага ладу жыцьця BSU-Fest затрымалі студэнтку юрыдычнага факультэту БДУ, паведаміў тэлеграм-канал студэнтаў юрфаку. Падчас надгляду на ўваходзе на фэстываль, у дзяўчыны, імя якой не паведамляецца, на ноўтбуку ўбачылі маленькую налепку ў колерах нацыянальнага сьцягу, пасьля чаго яе затрымалі і адправілі ў РУУС Цэнтральнага раёну. Затрыманая знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна. Пазьней стала вядомае і яе імя: Віялета Людчык.

Таксама стала вядома, што на фэстывалі затрымалі і студэнта факультэту міжнародных зносінаў Роберта Казака. Прычына таксама можа быць у налепцы.

15 сутак стэндапэру

Стэндапэру, які 25 красавіка наведаў праўладны мітынг ва Ўруччы, дадалі яшчэ 15 сутак да папярэдняга арышту. 31-гадовага Цярэнція Марыніча за дробнае хуліганства па арт. 19.1 КаАП, якое ён нібыта зьдзейсьніў на тэрыторыі РУУСа пасьля затрыманьня, асудзілі на 15 сутак, піша тэлеграм-канал «„Вясна“ назірае».

А 15 траўня стала вядома, што Цярэнція таемна асудзілі 10 траўня ў выходны дзень ужо з-за новага пратаколу па арт. 19.10 КаАП «Прапаганда ці публічная дэманстрацыя, выраб, распаўсюд нацысцкай сымболікі ці атрыбутыкі». Яму прысудзілі чарговыя 15 сутак, таму Марыніч выйдзе на волю толькі ў канцы траўня.

Затрыманьне супрацоўніка «Беларуснафты»

У Гомлі ўвечары 15 траўня затрымалі і павезьлі ў ІЧУ супрацоўніка «Беларуснафты» Дзьмітрыя Грышчанку, які паўгода таму запісаў зварот ад імя супрацоўнікаў прадпрыемства за новыя выбары і сыход Лукашэнкі. Пра затрыманьне напісала ў Instagram былая лекарка Валерыя Саварына.

«На працы застаўся цудам, але ў спакоі яго не пакінулі. Сярод супрацоўнікаў апошні час праводзіліся ператрусы, некалькі чалавек загрымелі ў ізалятар, у самога Дзімы адабралі тэхніку. 15 траўня, каля 8-й вечара яго забралі ў ІЧУ на Міжгародняй», — напісала Саварына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG