Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 траўня ў праекце «Артысты перамогі» выступіць Сяргей Башлыкевіч


У суботу 15 траўня з «хатнім» канцэртам выступіць музыка Сяргей Башлыкевіч, які летась стаў вядомы гумарыстычнымі песьнямі на актуальную тэматыку.

Ён засьпявае лірычныя песні, якія разбавіць фірмовым ашмянскім гумарам ды перакладамі Джо Кокера і Боба Дылана на беларускую. Яшчэ адна адметнасць гэтай акустычнай праграмы — песьня Максіма Знака і песьні на вершы Анатоля Сыса і Юлія Таўбіна, піша арганізатар фэсту — Беларускі фонд культурнай салідарнасьці.

Сяргей Башлыкевіч вядомы таксама як лідэр гурта Leibonik, які сёлета выпусціў дэбютны альбом.

Пачатак канцэрту а 20-й гадзіне.

З дапамогай канцэртаў «Артысты перамогі» ўдалося сабраць грошы на некалькі праектаў, напісаў кіраўнік Беларускага фонду культурнай салідарнасьці Сяргей Будкін.

Дзякуючы выступу Зьмітра Вайцюшкевіча, сабралі грошы на апэрацыю для адной звольненай за пазыцыю акторкі, у якой на фоне стрэсу пачалі выпадаць валасы.

Дзякуючы выступу Пятра Клюева — на гастролі ў некалькіх беларускіх вёсках лялечнага тэатру.

Сабраныя падчас канцэрту Алега Хаменкі грошы пайшлі жонцы і малым дзецям беларускага фатографа, які адбываў арышт, а яны засталіся бяз сродкаў на існаваньне.

Сыгралі NRM — і дапамаглі запісаць новую песьню і зьняць кліп іншаму гурту, удзельнікі якога прайшлі праз Акрэсьціна.

«Сёння ў нас выступае Сяргей Башлыкевіч. І дзякуючы гэтаму выступу можа зьявіцца відэаверсія пастаноўкі паводле аднаго з твораў Эжэна Янэска, які рыхтуе група звольненых беларускіх актораў. Сродкі, сабраныя з трансьляцыі, пойдуць на падрыхтоўку і здымкі спэктаклю», — напісаў Будкін.

Фэст «Артысты перамогі»​ ладзіць Беларускі фонд культурнай салідарнасьці ў гонар музыкаў, якія працягваюць праводзіць канцэрты, нягледзячы на перасьлед. Шэраг музыкаў адбылі суткі арышту за дваровыя канцэрты.

Сёньня ж у Менску пройдуць два канцэрты ў традыцыйным фармаце.

  • А 19-й фальклёрнае этна-трыё «Троіца» выступіць у Палацы культуры на Ўральскай вуліцы.
  • А 20-й гурт «Астроўна» заграе архаічныя традыцыйныя песьні і мэлёдыі ў касьцёле Сьвятога Роха.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG