Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пра этап Ігара даведаюся, калі ў Жодзіне ня прымуць перадачу». Ігар Лосік за кратамі 324 дні


Кансультант Радыё Свабода і палітвязень Ігар Лосік за кратамі з 25 чэрвеня 2020 году, ужо 324 дні. Напрыканцы мінулага тыдня стала вядома, што яго справу будуць разглядаць у Гомелі. Жонка Ігара Дар’я Лосік расказала Свабодзе пра апошнія навіны ад мужа.

«Ігар пакуль у Жодзіна, сёньня я яму перадала перадачу ў турму, — расказала Дар’я Лосік. — Яе прынялі, значыць ён там. Лісты пачалі хадзіць больш-менш. У мінулую суботу ён атрымаў дзесяць штук, на гэтым тыдні яшчэ 27. Я ад Ігара таксама атрымала ажно пяць лістоў. Ён піша, што людзі пачалі актыўна віншаваць яго з Днём народзінаў, гэта Ігара вельмі радуе. Ён таксама ведае, што суд адбудзецца ў Гомелі. Перажывае, што мне і яго бацькам будзе складана туды дабірацца».

Дар’я Лосік кажа, што такія перажываньні мужа бессэнсоўныя, бо ў любым выпадку для яе дарога ў Гомель будзе больш простай, чым турэмны этап з Жодзіна ў Гомель для мужа.

«Расстроены крыху, канечне тым, што суд адбудзецца ў Гомелі, — працягвае Дар’я. — Але што рабіць, хто чакаў іншага? Падрабязнасьцяў ніякіх мы пакуль ня ведаем. Ні калі этап будзе, ні калі суд пачнецца. Я пра этап Ігара даведаюся па факце, калі прывязу ў Жодзіна перадачу, а яе ня прымуць».

Паводле Дар’і Лосік, у лістах муж таксама піша, што вельмі спадзяецца пабачыць яе і бацькоў. Аднак ён ня ўпэўнены, што працэс будзе адкрытым. Разам зь Ігарам Лосікам будуць судзіць Сяргея Ціханоўскага, Міколу Статкевіча і шэраг іншых палітвязьняў.

20 траўня Ігару споўніцца 29 гадоў. Дар’я Лосік просіць беларусаў загадзя павіншаваць яе мужа з дапамогай лістоў, паштовак і тэлеграм. Пакуль яго не этапавалі ў Гомель, адрас для ліставаньняў такі:

Ігару Аляксандравічу Лосіку
Сьледчая турма № 8,
Савецкая вуліца, 22А,
222163, г. Жодзіна
Мінскай вобласьці

Крымінальны перасьлед Ігара Лосіка

На адміністратара суполкі «РБ головного мозга» і фрылансэра-кансультанта Радыё Свабода Ігара Лосіка завялі крымінальныя справы паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу («падрыхтоўка да парушэньня грамадзкага парадку») і ч. 2 арт. 293 («падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках»).

Лосіка затрымалі 25 чэрвеня 2020 года пасьля ператрусу дома ў Баранавічах. На ягоны тэлеграм-канал «РБ головного мозга» ў той момант былі падпісаныя 167 тысяч чалавек.

Ігар Лосік актыўна асьвятляў падзеі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем.

15 сьнежня пасьля выстаўленьня другога абвінавачаньня Ігар Лосік абвясьціў галадоўку пратэсту і трымаў яе да 25 студзеня.

11 сакавіка 2021 года Лосіку выставілі новае абвінавачаньне. На знак пратэсту Ігар пашкодзіў сабе запясьце на вачах у адваката і сьледчага, а таксама абвясьціў сухую галадоўку. За гэта Лосіка зьмясьцілі ў карцар сьледчай турмы Жодзіна. Там ён прабыў пяць дзён, чатыры зь якіх трымаў сухую галадоўку.

Па якім артыкуле Лосіку выставілі новыя абвінавачаньні, невядома. Ягоны адвакат Дзьмітрый Лепрэтар пад падпіскай аб неразгалошваньні.

Дома Ігара чакаюць жонка і двухгадовая дачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG