Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 50 гадоў таму ў Лёндане адкрыліся Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны


Бібліятэка Скарыны ў Лёндане
Бібліятэка Скарыны ў Лёндане

Падзеі 15 траўня ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дзень у гісторыі


1905 — дэбютаваў у друку Янка Купала. У газэце «Северо-западный край» быў апублікаваны верш «Мужык».

1948 — 5 арабскіх дзяржаваў (Сырыя, Эгіпет, Лібан, Ірак і Ярданія) напалі на Ізраіль на наступны дзень пасьля абвяшчэньня яго незалежнасьці.

1950 — у Тураве адкрыўся краязнаўчы музэй.

1955 — СССР, ЗША, Англія, Францыя і Аўстрыя падпісалі дзяржаўную дамову аб аднаўленьні незалежнай і дэмакратычнай Аўстрыі.

1971 — у Лёндане адкрыліся Беларуская бібліятэка і музэй імя Францішка Скарыны.

1979 — у Менску адкрыўся Музэй старажытнабеларускай культуры (заснаваны 7 ліпеня 1977 году).

1988 — пачаўся першы этап вываду савецкіх войскаў з Аўганістану.

1990 — пачаў працу Вярхоўны Савет БССР 12-га скліканьня, якому было наканавана абвясьціць незалежнасьць Беларусі.

1993 — у Гомлі створаны Музэй-лябараторыя Францішка Скарыны.

У гэты дзень нарадзіліся

1845 Ян Чэрскі, удзельнік паўстаньня 1863–1864 гадоў, геоляг і географ, дасьледчык Сібіру.

1882Уладыслаў Галубок, беларускі тэатральны дзеяч, рэжысэр, драматург.

Уладыслаў Галубок
Уладыслаў Галубок

Быў час, калі я працаваў ня толькі за пісьмовым сталом, але яшчэ й хадзіў на службу. Тады, калі даймала начальства, калі душа ўзбунтоўвалася й прагла волі, мяне наведвала адно й тое ж нязбытнае жаданьне. О, як мне хацелася кінуць гэтую працу і стаць акторам у тэатры! Але не ў якім-небудзь, а — у вандроўным.

У юнацтве я недзе прачытаў, што ў 1920-я Беларусь мела якраз такі тэатар: ён езьдзіў з гораду ў горад, зь мястэчка ў мястэчка, зь вёскі ў вёску і нават афіцыйна называўся Вандроўным.

Памятаю, як мая беларуская, зьмяшаная з цыганскаю кроў захвалявалася і ў твар дыхнуў сьвежы і салодкі вецер бясконцай дарогі. Пагатоў, тым тэатрам кіраваў чалавек з вольным, нябесным прозьвішчам — Галубок, што быў і драматургам, які напісаў сорак п’есаў, і рэжысэрам, і мастаком, і паэтам, і акторам, першым народным артыстам Беларусі.

Потым я даведаўся, што ўсё выглядала, вядома, зусім ня так ідылічна. Уладзе не спадабаліся гэтыя вандраваньні, якія цяжка трымаць пад пільным вокам, асабліва ўва ўмовах абвастрэньня клясавай барацьбы. Тым больш, перад кожным спэктаклем Галубок выступаў з выдатнай лекцыяй пра беларускую гісторыю й культуру.

Тэатар зрабілі аселым і загадалі ўвесьці ў рэпэртуар п’есы пра клясавае змаганьне.

Самога ж Галубка ўрэшце забралі, каб прысудзіць да расстрэлу. Пры арышце загінуў і вялікі куфар з рукапісамі.

Жонка народнага артыста, якая спрабавала пасьля мужавага арышту скончыць жыцьцё самагубствам, здаецца, дачакалася ягонай рэабілітацыі, але ўжо не дажыла да адкрыцьця ў 1982-м у менскім Траецкім прадмесьці грамадзкай гасьцёўні імя Ўладзіслава Галубка.

Цяпер я добра абазнаны ў лёсе Галубка, але запаветная мара — хоць на месяц зрабіцца акторам ці проста рабочым сцэны вандроўнага тэатру — у маёй душы па-ранейшаму жывая.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 156-157

1891 Міхаіл Булгакаў, расейскі пісьменьнік і драматург.

1909Язэп Найдзюк, дзеяч заходнебеларускага нацыянальнага руху, выдавец, гісторык.

1922 — нарадзіўся беларускі пісьменьнік і кінарэжысэр Пётар Васілеўскі. Сярод работ — фільм «Палеская легенда».

1926 Ніна Тарас, беларуская пісьменьніца.

1936Барыс Сачанка, беларускі пісьменьнік, перакладчык і выдавец.

Барыс Сачанка з дачкой Сьвятланай
Барыс Сачанка з дачкой Сьвятланай

Працуючы разам зь ім у выдавецтве «Мастацкая літаратура», чаго толькі я не наслухаўся: і таго, што Барыс Сачанка — палкоўнік КГБ, і таго, што ў кожнай выдавецкай рэдакцыі дзейнічае ягоная агентура... Ня буду сьцьвярджаць, што ўсё гэта чуткі й міты. Ня ведаю. Але ведаю іншае.

Канец вайны засьпеў дзевяцігадовага Барыса ў Нямеччыне. Адзін Сачанкаў зласьлівец любіў казаць: «Лепей бы ён застаўся!»

Думаю, што асабіста Сачанку ў такім выпадку, можа, і сапраўды было б лепей, а вось беларускай культуры — відавочна, не. Тады нехта іншы мусіў бы стаць аўтарам зьмешчанага ім у 1957-м у «ЛіМе» артыкулу «Шанаваць родную мову», што выклікаў дыскусію, перадрукоўваўся ў эміграцыйнай прэсе і, натуральна, зацікавіў гэбістаў. Праўда, Сачанка нейкім чынам атрымаў дараваньне «грахоў», бо пазьней працаваў у часопісе «Полымя», у Саюзе пісьменьнікаў, езьдзіў дэлегатам ад Беларускай ССР на сэсію ААН у Нью-Ёрк.

Выдаючы кнігу за кнігай і нават атрымліваючы за іх прэміі, Барыс Іванавіч, мне здаецца, і сам з гадамі ўсё больш разумеў, што ягоная місія ў нашай культуры палягае ў іншым.

Загадваючы ў выдавецтве рэдакцыяй перакладной замежнай літаратуры, ён вытрымаў змаганьне на нейкіх узроўнях у Маскве і распачаў выпуск беларускамоўных зборнікаў дэтэктываў і фантастыкі, сэрыі «Скарбы сусьветнай літаратуры», кнігі зь якой зьбіралі замоваў на 10–15-тысячныя наклады.

Адразу, калі гэта сталася магчымым, Сачанка ўзяўся друкаваць артыкулы й укладаць зборнікі, дзе легалізоўваліся дзясяткі забароненых раней імёнаў і твораў — літаратараў, зьнішчаных у гады сталінізму, і пісьменьнікаў-эмігрантаў. Ці ня ён першы сказаў слова праўды пра сьмерць Янкі Купалы?

Вядома, ішлі размовы пра тое, што ўсё гэта адбываецца з дазволу КГБ, пагатоў дома ў Барыса Іванавіча была цэлая бібліятэка яшчэ нядаўна крамольнай літаратуры — сапраўдны філіял спэцсховаў. Але факт застаецца фактам: некалькі гадоў ён адзін працаваў, як цэлая літаратуразнаўчая інстытуцыя.

Ягоны пераход у 1993-м на пасаду галоўнага рэдактара выдавецтва «Беларуская энцыкляпэдыя» быў цалкам заканамерны.

У 1995-м усьцешыў чытачоў таўшчэзны энцыкляпэдычны даведнік «Беларусь» — дзе, як дакладна адзначыў у сваім водгуку Сяргей Дубавец, «упершыню за ўсю гісторыю наша легальнае і дазволенае было аб’яднанае з нашым нелегальным, забароненым і забытым — у адно цэлае».

Апантаны працаю на карысьць нацыянальнай ідэі, Барыс Сачанка стаўся для ўлады асобаю нязручнай.

Неўзабаве пасьля рэфэрэндуму 1995-га ён, не дажыўшы i да шасьцiдзесяцi, нечакана памёр у працоўным кабінэце. Перад гэтым быў выклік у адміністрацыю «галоўнага гісторыка краіны», дзе загадалі зьняць з вокладкі новага тому гістарычнай энцыкляпэдыі «Пагоню».

Энцыкляпэдычны даведнік «Беларусь» больш не перавыдаваўся.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 416-417.


1960Кірыла Насаеў, хормайстар і музыколяг, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980-х — пач. ХХІ ст.

Кірыла Насаеў
Кірыла Насаеў

Калі камэрны мужчынскі хор «Унія» сьпяваў гімн «Магутны Божа», мая душа заўсёды імкнулася ў нябёсы і ў ёй мацнела вера ў нашу праўду і прышласьць.

«Унію» на пачатку 1990-х стварыў хормайстар, музыказнаўца і пэдагог Кірыла Насаеў. Маці выкладала музыку, што і паланіла сына з малых гадоў. Ён сьпяваў у хоры хлопчыкаў пры кансэрваторыі, куды затым і паступіў.

Харысты «Уніі» належалі да розных канфэсіяў, але ўсіх — каталікоў, праваслаўных, вуніятаў, пратэстантаў — аб’яднала агульная мэта: сьпяваць храмавыя і патрыятычны беларускія песьні. Кірыла вельмі хутка ператварыў хор з аматарскага ў сапраўды прафэсійны, прывёў яго да перамогі на першым фэстывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа». Неўзабаве «Унія» стала ляўрэатам конкурсу імя Шубэрта ў Вене. Канцэрты хору адбываліся ў Літве, Польшчы, Бэльгіі. Нашыя песьні плылі па-над ранішняй Сенай і вечаровым Басфорам.

Славуты опэрны сьпявак і мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлі» Віктар Скорабагатаў, характарызуючы Кірылу Насаева, кажа: perpetuum mobile — вечны рухавік. Шмат хто называў яго унікумам беларускай музычнай культуры.

Тады ж, у першай палове 1990-х, — такія былі часы! — Насаеў на просьбу кіраўніцтва ансамблю песьні і танцу Ўзброеных сілаў Беларусі падрыхтаваў для выкананьня гэтым калектывам «Пагоню» і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Потым запісаў альбом «Беларускія песьні і маршы. Лірыка змаганьня», прысьвечаны 80-годзьдзю БНР. Харавы варыянт «Пагоні» ён стварыў пазьней і для праекту «Re:Песьняры». Ганарыўся зробленым: маўляў, паказаць ня сорамна нават Уладзімеру Мулявіну.

«Унія» адраджала айчынную музычную даўніну: выконвала рэлігійныя і сьвецкія творы розных эпохаў, пачынаючы з XІІ стагодзьдзя. Даўно стала рарытэтам выдадзеная яшчэ на касэтах праграма «Музыка Літвы і Кароны». А як гучалі «Сьпевы даўніх ліцьвінаў» на вершы Яна Чачота і «Музыка беларускіх храмаў»!

«Унія» сьпявала на плошчы Незалежнасьці ў верасьні 1992 году, калі мы прысягнулі быць вернымі Айчыне, адстойваючы яе сувэрэнітэт усімі сродкамі.

Дзякуючы таленту і арыгінальным хормайстарскім поглядам Насаева на канцэрты «Уніі» было не прабіцца.

Памятаю, якое захапленьне залі выклікала тое, што мэлёдыі часоў Міхала Клеафаса Агінскага зьмяняліся апрацоўкамі «Бітлз».

Між тым некалькі гадоў «Унія» існавала на грамадзкіх пачатках. Потым хор, які рэпэтаваў у Менску, «прымацавалі» да Магілёўскай філярмоніі, ды ўрэшце зноў выправілі ў вольнае плаваньне. У 2002‑м адбыўся апошні канцэрт. Хтосьці з харыстаў пайшоў у опэру, хтосьці падаўся за мяжу. Кірыла цяжка перажываў, але працягваў працаваць: кіраваў іншымі хорамі, складаў збор твораў Міколы Равенскага, выкладаў... Сярод ягоных выхаванак — знакамітая сьпявачка Руся.

Адмысловы праект ён рыхтаваў да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Не пасьпеў.

Уладзімер Арлоў, Імёны Свабоды, 4-е выданьне, с. 724-725.



У памяці


1762 — памёр Міхал Казімер Радзівіл «Рыбанька», вялікалітоўскі дзяржаўны дзеяч, мэцэнат

1935 — памёр Казімер Малевіч, мастак-авангардыст, адзін з заснавальнікаў супрэматызму — кірунку ў абстрактным мастацтве.

2013 — памерла Нінэль Шчасная, беларуская мастачка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG