Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сапраўды ў Беларусі масава высякаюць лес? Разьбіраемся


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Апошнім часам у тэлеграм-каналах і сацсетках абмяркоўваюць высечку лесу ў Беларусі, нібыта яго масава сякуць на экспарт. Глядзім, што пра гэта кажа статыстыка.

За 5 гадоў рэалізацыя драўніны вырасла ў 1,5 раза

Міністэрства лясной гаспадаркі на сваім сайце публікуе статыстыку рэалізацыі драўніны. Калі ў 2015 годзе рэалізавалі 7,4 мільёна кубічных мэтраў драўніны, то ў 2020 годзе ўжо 11,3 мільёна кубічных мэтраў. Рост у 1,5 раза. У 2015 годзе, паводле гэтай статыстыкі, на экспарт ішла траціна ўсёй рэалізаванай драўніны. А ў 2020-м годзе — 4,4%.

Па структуры экспарту ў 2015 годзе 51% прадукцыі — гэта круглыя лесаматэрыялы, то бок бярвеньні. У 2020 годзе гэтай прадукцыі на экспарт ішло толькі 6%, а большасьць экспарту (51%) складалі піламатэрыялы натуральнай вільготнасьці, то бок дрэвы, сьвежарасьпілаваныя на дошкі, брусы ды іншыя піламатэрыялы.

Цэны на піламатэрыялы вырасьлі ў 1,5 раза

Паводле «Беллесэкспарту» (спэцэкспартэр Міністэрства лясной гаспадаркі), за першы квартал 2021 году за мяжу прадалі 191 тысячу кубічных мэтраў піламатэрыялаў. Па аб’ёме гэта амаль столькі ж, колькі за такі ж пэрыяд летась. А вось цана прадукцыі вырасла ў 1,5 раза. Асноўныя пакупнікі — краіны ЭЗ: Латвія, Нямеччына, Літва і Польшча.

Экспарт у Кітай вырас у 1,5 раза ў параўнаньні з такім жа пэрыядам летась.

Экспарт паліўнай драўніны хвойных парод вырас у 6 разоў

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Белстат дае падрабязную статыстыку па экспарце драўніны за студзень-люты гэтага году. Паводле яе, экспарт паліўнай драўніны хвойных парод вырас у 6 разоў у параўнаньні з такім жа пэрыядам летась. А яе кошт вырас у 7,8 раза. Калі летась гэтай прадукцыі экспартавалі на 34 тысячы даляраў, то сёлета — на 269 тысяч даляраў. Па суме гэта амаль столькі, як за ўвесь 2019 год.

У 1,7 раза больш у студзені-лютым экспартавалі і драўніны ліставых пародаў, чым у студзені-лютым мінулага году.

У 2,4 раза больш прадалі таксама апрацаваных піламатэрыялаў з топаля і асіны.

Міністэрства лясной гаспадаркі: «Усе высечкі плянавыя»

Міністэрства лясной гаспадаркі адрэагавала на паведамленьні ў тэлеграм-каналах наконт высечкі лесу. У сваім тэлеграм-канале Міністэрства паведаміла, што «ні ў Барысаўскім, ні ў якім іншым раёне ніхто нічога „бязьлітасна“ не высякае. Усе высечкі плянавыя, ня болей за тое».

Па дадзеных міністэрства, лясістасьць у Беларусі расьце з 1945 году. Калі ў 2015 годзе лес займаў 39,7% тэрыторыі Беларусі, то цяпер — 40,1%. 16,8% лесу ў Беларусі займаюць сьпелыя і перасьпелыя дрэвы, акурат іх звычайна і высякаюць. 39,9% — гэта сярэдняўзроставы лес.

Наколькі масава сапраўды высякаюць лес

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прыведзеная вышэй статыстыка кажа, што некаторыя прадукты лесу сталі прадаваць на экспарт больш, больш лесу ідзе і на рэалізацыю на ўнутраны рынак. Але наколькі вырасьлі аб’ёмы высечак, сказаць цяжка.

Спэцыяліст, блізкі да сфэры лясной гаспадаркі, назваў Свабодзе два фактары, якія маглі паўплываць на павялічэньне аб’ёмаў высечкі.

Найперш, «у паўднёвых раёнах Беларусі ў некаторых месцах ідзе працэс усыханьня соснаў, гэта зьвязана з паразытамі, кшталту караедаў, таму такія дрэвы высякаюць».

А яшчэ ў 2016 годзе зьмянілася заканадаўства, паводле якога можна сячы дрэвы. У прыватнасьці, «узрост дрэваў для высяканьня зьменшыўся». Цяпер сьпелым можа лічыцца дрэва, якому 80–100 год.

Таксама ў новым законе зьявіўся панятак «небясьпечнае дрэва».

Эколяг: «Пазаплянавыя высечкі могуць праводзіцца ў месцах распаўсюджаньня хвароб дрэваў»

Паводле юрыста грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Рыгора Фёдарава, кожны лясгас мае зацьверджаны плян высечкі дрэваў на 10 гадоў. Пры гэтым могуць праводзіцца і пазаплянавыя высечкі.

«Пазаплянавыя высечкі могуць быць санітарныя, яны праводзяцца ў ачагах распаўсюджаньня хваробаў ці шкоднікаў. У мінулыя гады Інспэкцыя жыльлёвага і расьліннага сьвету ахвотна карала лясгасы за парушэньні, таму ў масавыя парушэньні верыцца слаба. А каб правяраць інфармацыю аб высечках, нам патрэбны кантакт зь мясцовым заяўнікам», — тлумачыць Рыгор Фёдараў.

Ён дадае, што пакуль удалося праверыць інфармацыю па двух фактах, і ў абодвух выпадках парушэньняў не было выяўлена.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG