Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхары Чэрыкаўскага раёну паскардзіліся на маштабнае высяканьне лясоў. Правяраем


У ваколіцах вёскі Верамейкі

У рэдакцыю Свабоды зьвярнуліся жыхары Чэрыкаўскага раёну Магілёўшчыны, якія наракаюць на падвышаную актыўнасьць у камэрцыйнай высечцы лесу ў ваколіцах вёскі Верамейкі. Ці ёсьць падстава біць трывогу?

Што турбуе вяскоўцаў

Жыхары Верамеек кажуць, што ўсё навакольле Чэрыкаўшчыны цяпер нагадвае лесапільню: на месцы лясных масіваў зьявіліся гектары прагалін, а на ўсіх вольных пляцоўках вялізныя штабэлі бярвёнаў. І калі раней лесьнікі спасылаліся на тое, што такім чынам ратуюць тэрыторыю ад караедаў, то гэтым разам відавочна, што высякаюцца здаровыя маладыя дрэвы.

Жыхар вёскі Верамейкі Раман Раждзественскі запісаў відэазварот-папярэджаньне, у якім сьцьвярджае: з такімі тэмпамі засваеньня беларусы неўзабаве будуць жыць у пустэльні.

«Фактычна ўсе лясы ў нашым раёне ідуць пад зьнішчэньне — іншага слова падабраць нават не магу, — кажа спадар Раман. — У ваколіцах вакол Верамеек, літаральна ва ўсіх кірунках — у бок Крычава, у бок Чэрыкава — усё выразаецца пад нож. На дрэвах татальна чырвоныя меткі, чарговыя сьмяротныя прысуды. Праз пагрузку вывозяцца і на гэтым усё, толькі выкарчаваная зямля. Калі такая тэндэнцыя захаваецца надалей, неўзабаве мы будзем жыць у пустэльні».

Вяскоўцы зьвяртаюць увагу на тое, што лес яўна «нясьпелы»: бальшыня бярвёнаў невялікага дыямэтру, а гэта значыць, дрэвы маладыя і маглі яшчэ доўга набірацца моцы.

Што кажуць улады

У інспэкцыі прыродных рэсурсаў Чэрыкаўскага райвыканкаму ня здолелі патлумачыць, наколькі законнай зьяўляецца нарыхтоўка драўніны на тэрыторыі раёну: начальнік у плянавым адпачынку, безь яго супрацоўнікі камэнтаваць не бяруцца.

Дырэктар Чэрыкаўскага лясгасу Сяргей Нямкевіч страхі землякоў называе перабольшанымі. Паводле яго, у саміх Верамейках знаходзіцца чыгуначная станцыя адгрузкі, адкуль драўніну вагонамі адпраўляюць на далейшую рэалізацыю.

«Можаце ўсіх супакоіць: гэта плянавыя высечкі. Ідзе ўпарадкаваньне. Так, высякаецца ў тым ліку і тонкі лес, каб вызваліць месца для лепшых дрэваў. Ніякага ўрону мы прыродзе не наносім, крыміналу дакладна няма. Высякаем найперш мёртвыя насаджэньні, бо шмат сохне дрэваў. Думаю, людзі захваляваліся, пабачыўшы шмат драўніны на чыгуначнай станцыі. Натуральна, як і на любым складзе, там ляжыць прадукцыя. У Верамейках ёсьць старшыня сельсавету, мы зь ёй нармальна працуем. Хай зьвяртаюцца, будзем тлумачыць».

Сяргей Нямкевіч таксама абвяргае падазрэньні, што лес масава высякаецца, каб потым яго прадаваць за мяжу — што ўжо стала вялікай праблемай для расейскага Сібіру, дзе ўжо фактычна гаспадараць кітайцы.

«Па-першае, цяпер кругляк за мяжу ніхто не адпраўляе — ужо на працягу дзесьці двух апошніх гадоў. Гэта проста забаронена, усё перапрацоўваецца на ўнутраным рынку. Як ужо далей прадукцыя прадаецца — гэта кампэтэнцыя прадпрыемстваў. Ніхто не высякае спэцыяльна дзеля паставак: бярвеньне ў іншыя краіны ня гонім, чыста па Беларусі. Таму ніякай праблемы ня бачу», — патлумачыў Свабодзе спэцыяліст.

У канцы 2016 году ў Беларусі зацьвердзілі чарговую праграму сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на пяцігодку, дзе былі закранутыя і пэрспэктывы лясной гаспадаркі. У прыватнасьці, стратэгічнай задачай ставілася павелічэньне да 2020 году на 18% аб’ёмаў нарыхтоўкі драўніны з аднаго гектара лясных зямель у адносінах да 2015-га.

З гэтага вынікае, што секчы сапраўды пачалі больш, чым дагэтуль. Прынамсі да 2020 году мяркуецца давесьці агульны абʼём нарыхтаванай драўніны да 25 мільёнаў кубамэтраў. А вось ці павялічыцца рэзэрв на адным гектары сасьпелых лясоў настолькі, каб бязбольна высекчы ледзь не на 20% больш, эколягі сумняваюцца.

Што мяркуюць эколягі

Эколяг Валер Дранчук, які сочыць за сытуацыяй зь ляснымі пасадкамі, перакананы: высяканьне зьвязана толькі з адным — неабходнасьцю любым чынам папаўняць бюджэт.

«Чаму зьмянілі міністра лясной гаспадаркі? Перакананы: дзеля татальнай камэрцыялізацыі галіны. Пачалося зь Белавескай пушчы і паступова перакінулася на ўсю Беларусь. Казьне патрэбна валюта, усё проста. Таму зарабляньне грошай ідзе поўным ходам. Я жыву ў Нясьвіжы, шмат ежджу на ровары ў розных напрамках — карціна аналягічная, суцэльныя высечкі. Натуральна, гэта незаменныя страты для прыроды. Бо тое, што мы бачым, несумненна, лес нясьпелы. І думаю, што ў Чэрыкаўскім раёне такая ж сытуацыя. У нас сьпелага лесу вельмі мала».

Эколяг зьвяртае ўвагу на ўсёсэзоннасьць прамысловага высяканьня, хоць лясныя гаспадаркі павінны трымацца жорсткіх нарматываў актыўнасьці.

«Асноўныя высечкі павінны быць зімой. А чаму яны такія масавыя ўвесну, летам? Цёплы пэрыяд — самы неспрыяльны час, бо дрэва ўжо ажыло. І яшчэ: куды пасьля адпраўляюць драўніну? Ці на глыбокую перапрацоўку дзеля ўнутраных патрэбаў, ці ўсё ж за мяжу, абы толькі сарваць грошы? Бо на ўласныя вочы бачыў, што і дуб пад раздачу пападае. Адкуль? Толькі ў выключных выпадках можна на гэтае дрэва замахвацца, а яго, зусім невялікае, яшчэ расьці і расьці, цягнуць на лесапільню. Пра кожнае патрэбна асобная справаздача: дзе і зь якой прычыны сьпілавалі».

Як нагадвае Валер Дранчук, экалягічныя арганізацыі выступалі супраць новага Ляснога кодэксу, папярэджваючы пра непажаданыя наступствы для ляснога фонду — у прыватнасці, насаджэньняў на рэкультываваных і забалочаных землях.

Дакумэнт прадугледжвае скарачэньне некаторых катэгорый лясоў першай групы, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый. Цяпер можна заўсёды спаслацца на тое, што той ці іншы лясны ўчастак замінае глебавай і воднай эрозіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG