Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне кума Пуціна Медзьведчука адправілі пад хатні арышт. За дзяржаўную здраду


Віктар Медвядчук 13 траўня ў судзе ў Кіеве.
Віктар Медвядчук 13 траўня ў судзе ў Кіеве.

Пячэрскі раённы суд Кіева адмовіў у задавальненьні хадайніцтва Офіса генэральнага пракурора Ўкраіны аб узяцьці пад варту палітыка Віктара Медзьведчука, лідэра партыі «Апазыцыйная плятформа “За жыцьцё”», народнага дэпутата і кума прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Паводле рашэньня суду, у дачыненьні да Віктара Медзьведчука абраны кругласутачны арышт з абавязковым нашэньнем электроннага бранзалета. Ва Ўкраіне электронны бранзалет найчасьцей выкарыстоўваюць як альтэрнатыўную меру стрыманьня для падазраваных у эканамічных злачынствах. Электронны бранзалет дапамагае дыстанцыйна адсочваць усе перамяшчэньні асобы, у дачыненьні да якой праводзіцца сьледзтва.

Перад пачаткам пасяджэньня суду Віктар Медзьвядчук паведаміў журналістам, што сам ня мае магчымасьці сплаціць заклад, якога патрабуе пракуратура ў выпадку альтэрнатыўнай меры стрыманьня.

«Перад гэтым органы ўлады зрабілі ўсё, каб я ня змог заплаціць гэтыя грошы, бо да мяне і ў дачыненьні да маёй жонкі незаконна ўжылі санкцыі паводле рашэньня Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны і заблякавалі ўсе рахункі, зь якіх можна пералічваць, а таксама тыя рахункі, зь якіх маглі б паступіць грошы, каб забясьпечыць заклад», — сказаў Віктар Медьзвядчук.

У той жа час ён падкрэсьліў, што мае шмат сяброў, якія могуць яму дапамагчы ў гэтай сытуацыі пры неабходнасьці.

На пасяджэньні суду Віктар Медзьвядчук заявіў пра палітычныя матывы яго перасьледу з мэтай прыпыніць апазыцыйную дзейнасьць яго і ягонай партыі.

Партыя Віктара Медзьведчука мае статус парлямэнцкай, на выбарах у 2019 годзе яна атрымала 44 дэпутацкія мандаты — гэта найбольш пасьля партыі-пераможцы «Слуга народу» (244 мандаты).

У часе прэзыдэнцтва Пятра Парашэнкі Медзьвядчук быў адзіным камунікатарам паміж Расеяй і Ўкраінай і заўсёды выступаў за правядзеньне перамоваў наўпрост паміж Масквой, Кіевам, Данецкам і Луганскам.

У 2019 годзе Віктар Медзьвядчук тройчы сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам.

У Беларусі ўкраінскі палітык мае бізнэс-партнэра Мікалая Вараб’я, які спачатку набыў кантрольны пакет акцый украінскага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс» (яно займалася транспартаваньнем дызэльнага паліва ва Ўкраіну і Эўропу), а потым атрымаў адмысловы дазвол на пастаўку ва Ўкраіну антрацытавага вугалю.

19 лютага 2020 году паводле рашэньня Рады нацбясьпекі ўвялі санкцыі супраць лідэра партыі «Апазыцыйная плятформа «За жыцьцё» Віктара Медзьведчука, ягонай жонкі Аксаны Марчанкі і ягонага аднапартыйца Тараса Козака, якіх лічаць датычнымі да незаконнай прыватызацыі дзяржаўнага прадпрыемства «Прикарпатзахідтранс». Яны ўвесь час абвяргаюць сваю датычнасьць да гэтага.

З дэклярацыі аб даходах Віктара Медзьведчука ў 2020 годзе стала вядома, што ён летась у кастрычніку стварыў у Беларусі траставы фонд і адкрыў у банку Мікалая Варабʼя «Абсалютбанк» два траставыя рахункі. Траст лічыцца адным з найбольш эфэктыўных мэханізмаў абароны ўласнасьці і актываў.

У чым падазраюць кума Пуціна

11 траўня генэральная пракурорка Ўкраіны Ірына Венядзіктава і старшыня Службы бясьпекі Ўкраіны Іван Баканаў паведамілі аб крымінальных справах, заведзеных у дачыненьні да Віктара Медзьведчука і Тараса Козака.

  • Медзьведчука падазраюць як у змове з Расеяй па пытаньні здабычы нафты і газу непадалёк ад узьбярэжжа анэксаванага Крыму, так і ў перадачы Расеі сакрэтнай інфармацыі. У справе фігуруе яшчэ адзін дэпутат Вярхоўнай Рады, Тарас Козак. Паводле шэрагу паведамленьняў, ён знаходзіцца ў Расеі.
  • Медзьвядчук неаднаразова ў апошнія гады наведваў Расею і сустракаўся зь яе вышэйшым кіраўніцтвам. Ён кум расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна — той быў хросным бацькам яго дачкі.
  • Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у сераду назваў крымінальную справу супраць Медзьведчука ўнутранай справай Украіны і сказаў, што Масква не зьбіраецца ўмешвацца ў працэсы, зьвязаныя з крымінальным перасьледам палітыка. «Мы хацелі б пераканацца, што за гэтым перасьледам не хаваецца жаданьне пазбавіцца ад палітычных канкурэнтаў», — сказаў пры гэтым Пяскоў. Ён таксама заявіў, што Медзьвядчук не зьвяртаўся да Расеі па палітычны прытулак.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG