Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па Ізраілі за 3 дні было выпушчана 1600 ракет. Па сэктары Газа нанесена 600 удараў


Ашкелон, 12 траўня

У ноч на чацьвер і раніцай 13 траўня працягваліся ракетныя абстрэлы Ізраілю з сэктару Газа і ўдары ізраільскай авіяцыі па Газе

Паводле ізраільскіх вайскоўцаў, з панядзелка, калі пачаўся новы раўнд эскаляцыі канфлікту, былі нанесеныя ракетныя ўдары па 600 цэлях у Газе.

Сьцьвярджаецца, што ўдары наносяцца па месцах, дзе разьмешчаныя камандныя пункты або склады зброі і боепрыпасаў радыкальных палестынскіх груповак ХАМАС і «Ісламскі джыхад». Ізраільскія вайскоўцы таксама заяўляюць, што былі забітыя некалькі палявых камандзіраў ХАМАС.

Паводле палестынскіх дадзеных, у выніку ізраільскіх удараў загінулі больш за 60 жыхароў Газы, у тым ліку дзеці.

Палестынскія групоўкі выпусьцілі з панядзелка па Ізраілі каля 1600 ракетаў. Большасьць зь іх былі перахопленыя сыстэмай СПА, аднак некаторыя змаглі яе пераадолець. Удары наносіліся ў тым ліку па навакольлі Тэль-Авіву. У ноч на чацьвер ад ракетнага абстрэлу пацярпелі гарады на поўдні Ізраіля — Сдэрот і Ашкелон. Паведамляецца пра гібель дзіцяці ў Сдэроце. Усяго ў Ізраілі загінулі 7 чалавек, дзясяткі параненыя.

На вуліцах шэрагу ізраільскіх гарадоў са зьмяшаным габрэйска-арабскім насельніцтвам другую ноч запар працягваліся сутыкненьні, якія суправаджаюцца падпаламі.

Нагодай для абвастрэньня сытуацыі стаў разгляд справы аб рэстытуцыі нерухомасьці, якая належыць палестынцам, ва ўсходняй частцы Ерусаліму на карысьць ізраільцянаў, якія валодалі ёю да 1948 году.

Міжнародная супольнасьць заклікае спыніць гвалт. Злучаныя Штаты падтрымалі права Ізраіля на самаабарону. Пра гэта сказаў прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн у тэлефоннай размове зь ізраільскім прэм’ерам Біньямінам Нэтаньягу 12 траўня. Байдэн таксама асудзіў ракетныя абстрэлы Ізраіля.

Злучаныя Штаты неўзабаве накіруюць у Ізраіль высокапастаўленага дыплямата з мэтай спрыяць спыненьню ўзброеных сутыкненьняў паміж Ізраілем і палестынскімі радыкальнымі групоўкамі.

ЗША, паводле дыпляматычных крыніц, не падтрымалі праект заявы Рады Бясьпекі ААН з заклікам да абодвух бакоў канфлікту стрымлівацца — у яго падтрымку выказаліся 14 з 15 краінаў Рады Бясьпекі, але ЗША лічаць, што гэтая заява цяпер не дапаможа зьнізіць напружанасьць.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG