Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракуратура Ўкраіны просіць адправіць Медьзведчука пад варту


Віктар Медзьвядчук і Ўладзімір Пуцін, Масква, кастрычнік 2020
Віктар Медзьвядчук і Ўладзімір Пуцін, Масква, кастрычнік 2020

Украінскі апазыцыйны палітык Віктар Медзьвядчук, супраць якога распачатая крымінальная справа аб дзяржаўнай здрадзе, увечары 12 траўня прыйшоў на допыт у Офіс генэральнага пракурора Ўкраіны.

Медзьвядчук паведаміў, што напярэдадні, калі ў яго доме прайшоў ператрус, знаходзіўся не ў Кіеве, а на адпачынку з сям’ёй у суседняй вобласьці і аб падазрэньні даведаўся са СМІ. Галоўны прарасейскі апазыцыянэр ізноў абвінаваціў улады ў «рэпрэсіях і незаконным перасьледзе».

Адказваючы на пытаньні журналістаў, Медзьвядчук сказаў, што нічога не чуў аб чарнаморскім радовішчы нафты і газу «Глыбокая», дзе, як заяўляе ўкраінскае сьледзтва, прадпрыемства Медзьвядчука пры спрыяньні Расеі плянавала незаконна здабываць вуглевадароды. Дэпутат пацьвердзіў, што неаднаразова гаварыў па тэлефоне з Дзьмітрыем Козакам, які цяпер займае пасаду намесьніка кіраўніка адміністрацыі прэзыдэнта РФ, але яшчэ «не слухаў» апублікаваныя напярэдадні фрагмэнты аўдыёзапісаў тэлефонных перамоваў, на якіх, як сьцьвярджаюць у СБУ, гучаць галасы Медзьвядчука і Козака.

Пасьля допыту Медзьвядчук пакінуў будынак генпракуратуры, заявіўшы, што «азнаёміўся» з абвінавачваньнем на свой адрас, аднак афіцыйнае падазрэньне ва ўчыненьні злачынства яму ўручанае не было. Медзьвядчук сказаў, што не прызнае віну, гатовы да любой меры стрыманьня, у тым ліку ўтрыманьня пад вартай, і хавацца не зьбіраецца.

Генпракуратура падкрэсьліла, што Медзьведчука належным парадкам апавясьцілі аб тым, што ён перайшоў у статус падазраванага. У паведамленьні ведамства гаворыцца, што яно будзе прасіць суд адправіць Медзьведчука пад варту. Суд аб меры стрыманьня можа адбыцца ўжо сёньня.

  • Медзьведчука падазраюць як у змове з Расеяй па пытаньні здабычы нафты і газу непадалёк ад узьбярэжжа анэксаванага Крыму, так і ў перадачы Расеі сакрэтнай інфармацыі. У справе фігуруе яшчэ адзін дэпутат Вярхоўнай рады, Тарас Козак, паводле шэрагу паведамленьняў, ён знаходзіцца ў Расеі.
  • Медзьвядчук неаднаразова ў апошнія гады наведваў Расею і сустракаўся зь яе вышэйшым кіраўніцтвам. Ён кум расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна — той быў хросным бацькам яго дачкі.
  • Прэсавы сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў у сераду назваў крымінальную справу супраць Медзьвядчука ўнутранай справай Украіны і сказаў, што Масква не зьбіраецца ўмешвацца ў працэсы, зьвязаныя з крымінальным перасьледам палітыка. «Мы хацелі б пераканацца, што за гэтым перасьледам не хаваецца жаданьне пазбавіцца ад палітычных канкурэнтаў», — сказаў пры гэтым Пяскоў. Ён таксама заявіў, што Медзьвядчук не зьвяртаўся да Расеі па палітычны прытулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG