Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне заблякавалі тры прарасейскія тэлеканалы, зьвязаныя з атачэньнем кума Пуціна Медзьведчука


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі сваім указам увёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб пэрсанальных і сэктаральных санкцыях супраць дэпутата фракцыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» Тараса Козака, бізнэс-партнэра Віктара Медзьведчука, кума расейскага прэзыдэнта.

Упершыню Ўкраіна ўвяла санкцыі супраць украінскага грамадзяніна. Падставай для блякаваньня стала расьсьледаваньне спэцыяльных службаў пра схемы паставак вугалю з акупаваных тэрыторый, якія спрыяюць фінансаваньню тэрарызму. Яно было праведзена на падставе звароту Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў 2018 годзе.

Санкцыі ўведзены на пяць гадоў і ўключаюць блякаваньне актываў, абмежаваньне гандлёвых апэрацый і транзыту рэсурсаў, палётаў і транспарту праз тэрыторыю Украіны, папярэджаньне вываду капітал, спыненьне ўсіх ліцэнзій, забарона ўгод з каштоўнымі паперамі.

Найперш заблякавалі тры тэлевізійныя кампанія, якія належаць Тарасу Козаку — «112 Україна», ZIK і NewsOne, якія вызначаліся прарасейскай рыторыкай.

Пад санкцыі можа трапіць і ўкраінскае прадпрыемства беларускага бізнэсоўца Мікалая Вараб’я «Прикарпатзахідтранс», 51% акцый якога належаць беларускаму «Нафтабітумнаму заводу» ў Чэрвенскім раёне Менскай вобласьці.

Лідэр фракцыі «Апазыцыйная плятформа — За жыцьцё» Віктар Медзьвядчук назваў гэтае рашэньне незаконным.

«Зяленскі марыць зачысьціць інфармацыйнае поле, як яму раіць ягонае асяродзьдзе, каб інфармацыйныя дачыненьні прэзыдэнта з украінскім народам праходзілі на інтэлектуальным узроўні дзіцячага садка, пад ялінкай, калі прэзыдэнт вяшчае, а ўдзячная аўдыторыя слухае яго? ... Так ня будзе», — заявіў ён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG