Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 12 гадоў турмы. Марыі Калесьнікавай прад’явілі канчатковае абвінавачаньне


Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава

Справу Калесьнікавай і Максіма Знака вылучылі ў асобнае вядзеньне.

Расьсьледаваньне крымінальнай справы ў дачыненьні палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай завяршылася, цяпер яна знаёміцца з матэрыяламі справы.

Яе абвінавачваюць паводле трох крымінальных артыкулаў, паведамілі Свабодзе ў штабе Віктара Бабарыкі:

  • змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады (ч. 1 арт. 357),
  • заклікі у СМІ ці інтэрнэце да дзеяньняў, скіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы (ч. 3 арт. 361),
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраваньне ім (ч. 1 арт. 361-1).

Самае вялікае пакараньне Марыі Калесьнікавай пагражае паводле артыкулу 357 — ад 8 да 12 гадоў зьняволеньня.

На публічным акаўнце Калесьнікавай у Фэйсбуку раней зьявіўся зварот.

Справу Марыі і Максіма Знака выдзелілі ў асобнае вядзеньне. 11 траўня стала вядома, што Знаку выставілі канчатковыя абвінавачаньні, але зьвесткі з папярэдняга сьледзтва і нават прозьвішчы сьледчых адвакаты гаварыць ня могуць. Паводле Дзьмітрыя Лаеўскага, які бароніць інтарэсы Знака, абвінавачаньне яму «складаецца з абстрактных фармулёвак, зь якіх абсалютна няясна, у чым менавіта палягаюць дзеяньні Максіма, расцэненыя сьледчым як злачынства».

Марыю Калесьнікаву схапілі 7 верасьня 2020 году ў цэнтры Менску. На наступны дзень стала вядома, што яе і двух прадстаўнікоў Каардынацыйнай рады, Антона Раднянкова і Івана Краўцова, гвалтоўна вывезьлі ва Ўкраіну. Аднак Калесьнікаву выправадзіць зь Беларусі не ўдалося — на мяжы яна парвала свой пашпарт. Тады ёй выставілі абвінавачаньне «ў закліках да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, учыненых з выкарыстаньнем СМІ і сеткі інтэрнэт».

У канцы сьнежня Генэральная пракуратура завяла супраць Калесьнікавай і іншых сяброў Каардынацыйнай рады крымінальныя справы «па фактах стварэньня экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам».

У лютым Калесьнікаву і аднаго зь яе адвакатаў Максіма Знака абвінавацілі ў «змове з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» (ч. 1 арт. 357) і ў «стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньні ім» (ч. 1 арт. 361-1).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG