Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыйскі варыянт каранавірусу выявілі амаль у 50 краінах сьвету. Агляд навінаў пандэміі


Пахавальныя вогнішчы ў Індыі

Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ), варыянт каранавірусу B.1.617, першапачаткова выяўлены ў Індыі, выявілі ўжо ў 44 краінах, інфармуе DW.

Больш за 4500 прааналізаваных фрагмэнтаў генаў з 44 краін былі зьвязаны з B.1.617. Акрамя таго, ёсьць інфармацыя пра доказы зьяўленьня індыйскай мутацыі у пяці іншых краінах, гаворыцца ў паведамленьні САЗ у Жэнэве ў аўторак.

Новы антырэкорд у Індыі

У Індыі ад каранавірусу за апошнія 24 гадзіны загінула людзей як ніколі раней. Міністэрства здароўя паведамляе пра яшчэ 4205 сьмерцяў. У цэлым колькасьць загінулых павялічылася да 254 197, а агульная лічба інфікаваных на 348 421 — да 23,34 мільёна.

AstraZenecа ў Славаччыне атрымала чырвонае сьвятло

Міністар аховы здароўя Славаччыны Уладзімір Лэнгварскі прыняў рашэньне прыпыніць далейшае выкарыстаньне вакцыны AstraZenecа. Прышчэпкі будуць рабіцца толькі тым людзям, якія ўжо зрабілі першую прышчэпку гэтай вакцынай і чакаюць другую, паведаміла прадстаўніца Міністэрства аховы здароўя Зузана Эліашава.

Некалькі дзён таму орган кантролю лекаў пацьвердзіў сьмерць 47-гадовай жанчыны ад трамбозу пасьля прышчэпкі вакцынай, што вырабляецца кампаніяй AstraZeneca.

Нэўралягічныя хваробы павышаюць рызыку COVID-19

Хранічныя нэўралягічныя захворваньні любой формы, у прыватнасьці дэмэнцыя, хвароба Альцгеймера, мігрэнь, удвая павышаюць небясьпеку COVID-19. Аб гэтым паведамляецца ў выніках дасьледаваньня GCS-NeuroCOVID, праведзенага міжнароднай групай навукоўцаў на чале з супрацоўнікамі Мэдычнай школы Ўнівэрсытэту Піцбурга (штат Пэнсыльванія).

Паводле дадзеных экспэртаў, такія прыкметы каранавіруснай інфэкцыі, як адсутнасьць адчуваньня смаку або нюху, павышаюць рызыку сьмерці ад захворваньня ў шэсьць разоў.

У ЗША ўхвалілі выкарыстаньне вакцыны Pfizer для падлеткаў

У ЗША вакцына ад каранавірусу стала даступнай для новых катэгорый насельніцтва, перадае «Голас Амэрыкі». Управа кантролю якасьці харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў (FDA) ухваліла прымяненьне вакцыны Pfizer для падлеткаў ва ўзросьце ад 12 да 15 гадоў. Прадстаўнікі FDA называюць гэта вялікім крокам у барацьбе з пандэміяй.

Цяпер Pfizer працуе над тым, каб пашырыць прымяненьне прэпарату для дзяцей ад 2 да 11 гадоў. Кампанія ўжо праводзіць клінічныя выпрабаваньні.

  • Паводле дадзеных сайту Worldometer, з пачатку распаўсюджваньня каранавірусу SARS-CoV-2 інфэкцыя была выяўлена больш як у 160 млн жыхароў плянэты. Звыш 3,3 млн чалавек памерлі з дыягназам COVID-19. Паправіліся звыш 137 млн пацыентаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG