Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом: у сытуацыі з COVID-19 у ЗША адбываецца пералом


Белы дом (архіўнае фота)
Белы дом (архіўнае фота)

Органы здароўя ЗША спрабуюць дасягнуць пастаўленай Байдэнам мэты — вакцынаваць 70 працэнтаў амэрыканцаў да 4 ліпеня

У сытуацыі з каранавірусам у ЗША наступае пералом, і органы здароўя засяродзіліся на тым, каб вакцынаваць больш амэрыканцаў, заявіў у нядзелю каардынатар Белага дому ў барацьбе з COVID-19 Джэф Заенц.

«Я магу сказаць, што сытуацыя пачала выпраўляцца», — сказаў ён у інтэрвію праграме «Становішча ў краіне» на канале CNN.

Цяпер задача палягае ва ўмацаваньні даверу да вакцын і вакцынацыі дастатковай колькасьці амэрыканцаў, каб запаволіць пашырэньне віруса і яго варыянтаў.

Прадстаўнікі органаў здароўя ўсяляк спрабуюць пераканаць людзей вакцынавацца і забясьпечыць доступ да вакцын як мага хутчэй, каб дасягнуць пастаўленай прэзыдэнтам Джо Байдэнам мэты — дамагчыся, каб 70 працэнтаў амэрыканцаў атрымалі прынамсі адну дозу вакцыны да Дня незалежнасьці 4 ліпеня.

Галоўны дараднік Белага дому ў пытаньнях каранавірусу Энтані Фаўчы заявіў, што новы істотны ўсплёск інфэкцыі малаверагодны, калі мэта Байдэна будзе дасягнутая або перавыкананая.

«Чым больш будзе доля вакцынаванага насельніцтва, тым менш верагоднасьць, што ў чарговы сэзон, напрыклад, наступнай восеньню або зіммою, будзе значны ўсплёск захворваньня», — сказаў Фаўчы, дырэктар Нацыянальнага інстытуту алергіі і інфэкцыйных захворваньняў, выступаючы ў праграме «Сустрэча з прэсай» на канале NBC.

«Вось чаму прышчэпкі так важныя. Гэта той козыр, якога ў нас не было мінулай восеньню і зімой, але які ёсьць цяпер», — дадаў ён.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG