Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амэрыканскія стралкі атрымалі паразу ў судзе і ня сталі банкрутамі


Генэральны пракурор штату Нью-Ёрк Летыша Джэймс абвяшчае пра пазоў аб роспуску Нацыянальнай стралковай асацыяцыі, жнівень 2020 г.
Генэральны пракурор штату Нью-Ёрк Летыша Джэймс абвяшчае пра пазоў аб роспуску Нацыянальнай стралковай асацыяцыі, жнівень 2020 г.

Магутнае зброевае лобі ў ЗША ў асобе Нацыянальнай стралковай асацыяцыі (National Rifle Association, NRA) пацярпела юрыдычную паразу ў барацьбе супраць прымусовага роспуску гэтай арганізацыі. Суд адхіліў хадайніцтва NRA аб прызнаньні яе банкрутам.

DW паведамляе, што суд у штаце Тэхас увечары 11 траўня адхіліў хадайніцтва NRA аб прававой абароне крэдытораў, заключыўшы, што гэтая арганізацыя, запусьціўшы працэдуру абвяшчэньня банкруцтва, толькі спрабуе пазьбегнуць судовага працэсу ў Нью-Ёрку аб яе прымусовым расфармаваньні.

Пазоў аб роспуску NRA падала ў жніўні 2020 генэральная пракурорка штату Нью-Ёрк Летыша Джэймс, абвінаваціўшы гэтую арганізацыю ў сыстэматычным махлярстве і злоўжываньні. У пазоўнай заяве Джэймс, у прыватнасьці, абвінаваціла кіраўніцтва NRA ў растраце сродкаў арганізацыі на дарагія вандроўкі і ў кумаўстве пры раздачы падрадаў. NRA ў студзені сёлета ў рамках «рэструктурызацыі» абвясьціла аб банкруцтве і пераносе свайго галоўнага офіса ў Тэхас. Арганізацыя тады абгрунтавала гэты крок жаданьнем пакінуць «атручанае» і «карумпаванае» палітычнае асяродзьдзе ў Нью-Ёрку.

Нацыянальная стралковая асацыяцыя мае ў ЗША статус некамэрцыйнай арганізацыі і таму мусіць выконваць асаблівыя правілы пры выдаткоўваньні ахвяраваньняў, дабрачыннай дзейнасьці і вядзеньні бухгальтэрыі. Яна ультракансэрватыўная арганізацыя зь вялікім палітычным уплывам і прыхільнікамі ў асобе рэспубліканцаў на чале з былым прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам. Трамп назваў выстаўленьне абвінавачаньняў у адрас NRA «жахлівай справай» і параіў ёй перанесьці месца юрыдычнай рэгістрацыі ў Тэхас.

Пераемнік Трампа на пасадзе прэзыдэнта Джо Байдэн, насуперак супраціву NRA, спрабуе зрабіць больш жорсткім амэрыканскае заканадаўства аб зброі. Гэтага даўно ўжо патрабуюць шматлікія грамадзкія ініцыятывы і праваабарончыя арганізацыі ў сувязі з частымі ўзброенымі нападамі на навучальныя ўстановы, фірмы і г. д.

Галоўны офіс NRA знаходзіцца ў горадзе Фэрфакс ў штаце Вірджынія. Юрыдычныя перасьлед NRA ў Нью-Ёрку магчымы, паколькі гэтая арганізацыя зарэгістравана там у якасьці некамэрцыйнай структуры.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG