Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сустаршыня страйкаму «Беларуськалія» Анатоль Бокун, верагодна, затрыманы


Анатоль Бокун

Як інфармуе страйкам на сваіх старонках у сацсетках, каля дзесяці гадзін раніцы 8 траўня Бокун паведаміў, што невядомыя блякавалі яго ў доме ў бацькоў, хутчэй за ўсё, будуць затрымліваць.

«Абставіны высьвятляюцца», — піша страйкам. Цяперашняе месцазнаходжаньне Бокуна невядомае.

На гэтым тыдні ў інтэрвію «Народнай Волі» Анатоль Бокун распавёў, што нарвэскі партнэр «Беларуськалія» кампанія Yara вырашыла адправіць на беларускае прадпрыемства свайго прадстаўніка для назіраньня за сытуацыяй. На «Беларуськаліі» ён будзе знаходзіцца і маніторыць сытуацыю каля паўгоду.

Варта таксама адзначыць, што сустаршыня страйкама «Беларуськалія» ў верасьні—кастрычніку 2020 года адбыў 55 сутак адміністрацыйнага арышту.

Анатоль Бокун працаваў мэханікам аддзяленьня згушчэньня сыльвінітавай абагачальнай фабрыкі першага рудаўпраўленьня. Адміністрацыя ААТ «Беларуськалій» звольніла яго «за парушэньне працоўнай дысцыпліны, таму што ён не хадзіў на працу без уважлівай прычыны». Звальненьне Бокуна ў страйкаме расцанілі як рэпрэсіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG