Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пяцёра пад арыштам». Што адбываецца з супрацоўнікамі «Беларуськалію», якія далучыліся да страйку


17 жніўня. Стайк на прадпрыемстве «Беларуськалій».
17 жніўня. Стайк на прадпрыемстве «Беларуськалій».

У жніўні 2020-га частка працаўнікоў «Беларуськалію» запатрабавала адстаўкі Аляксандра Лукашэнкі, вызваленьня палітвязьняў і ўсіх асуджаных за пратэсты, правядзеньня новых прэзыдэнцкіх выбараў.

Пазьней некаторыя далучыліся да страйку і ўтварылі страйкам. Большасьць зь іх пазвальнялі. Сябры страйкаму Анатоль Бокун і шахтар Мікалай, які прасіў не называць ягонага прозьвішча, расказалі, што адбываецца з рабочымі.


Колькі рабочых сёньня сядзяць на сутках?


Паводле Мікалая, усе ўдзельнікі страйку зазналі ў той ці іншай форме прэсінг з боку ўладаў. Каго затрымлівалі на акцыях пратэсту і штрафавалі, каму давалі суткі, а некаторыя за сваю актыўнасьць зазналі трывалы перасьлед.

«Наш сябра Павал Пучэня зноў на сутках, атрымаў 15 за старое відэа, якое палічылі акцыяй. Як выйдзе, агулам будзе мець ужо 70 адбытых сутак — сярод нас гэта рэкорд. У мяне больш за 40 дзён пад арыштам. Гэта жахліва, што ў нас могуць у любы момант схапіць, калі раней быў заўважаны на мітынгу, маршы ці лыжнай прагулцы», — абураецца Мікалай.

У страйкаме «Беларуськалію» падлічылі, што зь верасьня 2020 году страйкоўцы агулам адбылі за кратамі ўжо 800 дзён, і гэтая лічба неўзабаве павялічыцца, мяркуе шахтар.

«Зараз сядзяць 5 страйкоўцаў. На 15 сутках, акрамя Пучэні, таксама Зьміцер Карака, Зьміцер Літвін і Канстанцін Дзяцееў, якога падчас затрыманьня гэтак зьбілі, што трапіў у шпіталь. Пасьля 15 сутак яму прысудзілі яшчэ 10, за нібыта непадпарадкаваньне, як давалі нядаўна Антону Дзямкову і Андрэю Магілёўцу. Яшчэ мы адносім да арыштаваных нашага калегу Андрэя Прылуцкага, якога затрымала паліцыя Санкт-Пецярбургу на запыт зь Беларусі. Добра, што пакуль ня выдалі, але ўсё роўна за кратамі. Яму таксама патрэбная наша падтрымка», — кажа Мікалай.

Паводле Мікалая, шмат хто зь ягоных сяброў па страйку атрымаў ад праваахоўнікаў папярэджаньне.

«Ведаю страйкоўца, машыну якога 25 сакавіка спынілі на дарозе, яго адвезьлі ў пракуратуру і там пад росьпіс азнаёмілі з папярэджаньнем, што калі будзе каго заклікаць да ўдзелу ў страйку, то будзе ўжо не адміністрацыйны, а крымінальны перасьлед — як за арганізацыю беспарадкаў. Лічу, што гэта цалкам незаконная кваліфікацыя, бо права адстойваць нашы правы гарантаванае Канстытуцыяй. Але практыка такая ўжо ёсьць», — кажа Мікалай.

Анатоль Бокун расказаў пра нядаўнія вобшукі ў кватэрах некаторых страйкоўцаў.

Анатоль Бокун. 19 жніўня.
Анатоль Бокун. 19 жніўня.

«Днямі шмат у каго з нашых сяброў прайшлі вобшукі. Забіралі кампутары, тэхніку. Прычына? Ведаем толькі, што шукаюць тых, хто нібыта нэгатыўна выказаўся ў сацсетках пра кіраўніцтва. Магчыма, пра гендырэктара „Беларускалію“, альбо пра каго з праваахоўнікаў, дакладна ня кажуць. Але, безумоўна, гэта яшчэ адна форма ціску на страйкоўцаў, бо вобшук у доме — гэта ўдар ня толькі па табе, а па ўсёй сям’і», — лічыць Анатоль Бокун.


Ці вядуцца перамовы з нарвэскай фірмай Yara?


Страйкам «Беларуськалію» працягвае дамагацца, каб буйны нарвэскі пакупнік калійных угнаеньняў, здабытых «Беларуськаліем», спыніў супрацоўніцтва зь беларускім прадпрыемствам.

«Нічога ня кажуць пра аднаўленьне кантакту зь Yara на 2021 год, але мяркую, што ён пралянгаваны. Yara нам адказвае, што яны па-за палітыкай, што ў іх няма магчымасьці ўплываць на „Беларуськалій“, каб выканалі нашы патрабаваньні. Таму мы настойваем, што ўгаворваць „Беларуськалій“ бессэнсоўна, трэба разрываць кантракт. Нядаўна мы данесьлі нашу пазыцыю ў адмысловым лісьце да кіраўніцтва Yara, спрабуем зноў арганізаваць зь імі сустрэчу», — сказаў Анатоль Бокун.

Праз тэлеграм-канал страйкоўцы заклікалі падпісчыкаў працягваць зьвяртацца ў Yara аб неабходнасьці разрыву кантракту зь «Беларуськаліем». «Гэта важна ня толькі Салігорску, а ўсёй Беларусі», — мяркуюць страйкоўцы.

Якія настроі сярод страйкоўцаў?


«Усё складана, — кажа шахцёр Мікалай. — Мы сваю пазыцыю заявілі і ад яе не адступаем, але яўных зрухаў да лепшага пакуль ня бачым, гэта варта прызнаць. Будзем працягваць і спадзявацца на працоўную салідарнасьць».

«Разам з тымі, хто далучыўся да нашага страйку зь іншых прадпрыемстваў і арганізацый гораду, цяпер у ім бяруць удзел недзе 140 чалавек. Але трэба ўлічваць, што ня ўсе ў Салігорску. Некаторыя ад’ехалі з гораду часова, некаторыя перабраліся ў іншыя краіны, але мараць вярнуцца. Хто як», — паведаміў сябра страйкаму «Беларуськалію» Анатоль Бокун. Ягоны калега па страйкаме Мікалай згодны з абазначанай колькасьцю страйкоўцаў. Паводле Мікалая, фактычна ўсе страйкоўцы з прадпрыемства звольненыя.

Анатоль Бокун таксама мяркуе, што страйк спыняць без выкананьня патрабаваньняў нельга, але і блізкай пэрспэктывы выкананьня ўладамі патрабаваньняў страйкоўцаў ён ня бачыць.

«Трэба ўсім шукаць спосабу, як перамагчы. Знойдзем такі спосаб, пераможам, але тут важна ўсім уключыцца», — сказаў Анатоль Бокун.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG