Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразьвяз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэньне сытуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі


Штаб-кватэра UNESCO ў Парыжы
Штаб-кватэра UNESCO ў Парыжы

Эўрапейскі Зьвяз заклікаў UNESCO адрэагаваць на пагаршэньне сытуацыі са свабодай выказваньня думак і свабодай прэсы ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, перадае БелаПАН.

«Мы настойліва заклікаем UNESCO як агенцтва ААН з асаблівым мандатам абараняць свабоду выказваньня думак і свабоду друку, адрэагаваць на далейшае пагаршэньне сытуацыі ў галіне права на свабоду выказваньня думак і свабоды друку, асабліва ў дачыненьні да журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі, а таксама ўсіх асоб, якія жадаюць свабодна выказваць сваё меркаваньне, у Беларусі пасьля фальсыфікаваных прэзыдэнцкіх выбараў у жніўні 2020 году», — падкрэсьліваецца ў заяве.

У ёй адзначаецца, што беларускія ўлады працягваюць агрэсіўны перасьлед беларускіх і замежных журналістаў і работнікаў СМІ, якіх рэгулярна запалохваюць і адвольна затрымліваюць.

«Мы таксама асуджаем адмову ў праве на свабоду перакананьняў і іх свабоднае выказваньне і свабоду мірных сходаў як у сетцы, так і па-за ёй, сыстэматычнае і вартае шкадаваньня абмежаваньне доступу да інфармацыі, адключэньне інтэрнэту і ўзмацненьне жорсткасьці абмежаваньняў для незалежных СМІ з боку беларускіх уладаў», — гаворыцца ў заяве.

ЭЗ заклікае ўлады Беларусі спыніць парушэньні правоў чалавека і асноўных свабод, уключаючы свабоду СМІ, і выконваць вяршэнства закона. А таксама заклікае да неадкладнага і безумоўнага вызваленьня ўсіх журналістаў і работнікаў СМІ, якія ўтрымліваюцца пад вартай або адбываюць турэмнае зьняволеньне проста за выкананьне сваёй працы і рэалізацыю сваіх правоў.

ЭЗ працягвае падтрымліваць «законны заклік беларускага народа паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, уключаючы свабоду перакананьняў і іх свабоднае выказваньне, інфармацыі, свабоду сходаў і асацыяцый, а таксама свабоду сродкаў масавай інфармацыі, і вітае тых, хто працягвае адстойваць свае правы».

Адзначаецца, што ў нядаўнім лісьце генэральнаму дырэктару UNESCO Адры Азулай Эўрапейскі Зьвяз падкрэсьліў, што арганізацыя павінна адыгрываць сваю важную ролю ў абароне журналістаў ва ўсім сьвеце.

«У адпаведнасьці зь нядаўнім пасланьнем генэральнага дырэктара з нагоды Сусьветнага дня свабоды прэсы (3 траўня) мы заклікаем UNESCO гучна і выразна выказвацца па гэтым пытаньні, публічна пацьвярджаючы сваю абсалютную падтрымку свабоды выказваньня думак і абароны журналістаў у Беларусі», — падкрэсьліваецца ў заяве ЭЗ.

UNESCO — арганізацыя пры ААН, якая адказвае за міжнароднае супрацоўніцтва ў галіне культуры, адукацыі і навукі. Створаная ў 1945 годзе, штаб-кватэра разьмяшчаецца ў Парыжы. Налічвае 193 дзяржавы-члены, дзьве дзяржавы-назіральніцы і дзесяць асацыяваных членаў.

Мэты — садзейнічаньне ўмацаваньню міру і бясьпекі за кошт пашырэньня супрацоўніцтва дзяржаў і народаў у галіне адукацыі, навукі і культуры; забесьпячэньне справядлівасьці і захаваньня законнасьці, усеагульнай павагі правоў і асноўных свабод чалавека, абвешчаных у Статуце ААН, для ўсіх народаў, без адрозьненьня расы, полу, мовы, арыентацыі або рэлігіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG