Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка адрэагаваў на слуханьні ў Кангрэсе ЗША, у часе якіх заклікалі да новых выбараў у Беларусі


Аляксандар Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка.

Паводле Лукашэнкі, ён гатовы прызначыць датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі, калі такія ж выбары прызначаць у ЗША.

У Беларусі гатовыя правесьці датэрміновыя прэзыдэнцкія выбары, але толькі паралельна з новымі выбарамі кіраўніка дзяржавы ў Злучаных Штатах. Пра гэта 7 траўня заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.

«Я за. Публічна пра гэта гавару. Я за выбары, якіх яны патрабуюць. Перажыву ўсё, пераступлю праз тое, што мы незалежныя, сувэрэнныя. Я гатовы. Паралельна з амэрыканцамі. Амэрыканцы хай прызначаюць датэрміновыя выбары, і мы ў гэты ж дзень прызначым у Беларусі выбары».

6 траўня у Камісіі правоў чалавека Кангрэсу ЗША адбыліся слуханьні, прысьвечаныя дэмакратыі і правам чалавека ў Беларусі.

Слуханьні адбываліся ў онлайн-фармаце, іх вялі амэрыканскія кангрэсмэны, якія актыўна падтрымліваюць дэмакратычны рух беларусаў: Джэймс Макговэрн і аўтар «Акта аб дэмакратыі ў Беларусі» Крыстафэр Сьміт.

На гэтых слуханнях Сьвятлана Ціханоўская расказала аб парушэньнях правоў чалавека і рэпрэсіях, заявіла аб патрэбе падтрымкі перамоваў у Беларусі пры ўдзеле АБСЭ, пасьля якіх ужо сёлета мусяць адбыцца новыя прэзыдэнцкія выбары.

У Законе аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі ад 2020 году, які спачатку быў прыняты Палатай прадстаўнікоў, а затым падпісаны прэзыдэнтам, запісаныя:

  • заклік да новых выбараў;
  • прызнаньне Каардынацыйнай рады законнай інстытуцыяй для ўдзелу ў дыялёгу аб мірным пераходзе ўлады;
  • заклік вызваліць усіх палітвязьняў.

На наступны дзень пасьля слуханьняў у Кангрэсе ЗША Лукашэнка заявіў, што выбары ў ЗША не былі дэмакратычнымі, бо ў час выбарчай кампаніі не былі ўлічаныя галасы людзей, якія галасавалі па пошце, паколькі бюлетэні з подпісамі за Дональда Трампа быццам бы выкідвалі ў сьметніцы. Лукашэнка лічыць гэта даказаным фактам, «паказаным на ўвесь сьвет».

«Яны выцерлі ногі аб дзейнага прэзыдэнта. Яны да гэтага часу яму ў гэтым Твітэры не даюць слова сказаць. Яны тады яго заблякавалі. Які ж доступ да сродкаў масавай інфармацыі?» — спытаў Лукашэнка.

Злучаныя Штаты пры адміністрацыі новага прэзыдэнта краіны Джо Байдэна размарозілі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі. Улады ЗША і большасьці краін сьвету не прызнаюць Лукашэнку прэзыдэнтам краіны, назваўшы вынікі выбараў 9 жніўня 2020 году сфальшаванымі і неадпаведнымі дэмакратычным працэдурам. Акрамя таго, ЗША і Эўразьвяз асудзілі гвалт супраць пратэстоўцаў у Беларусі, якія выказваюць нязгоду з фальсыфікацыямі і зьдзекамі рэжыму Лукашэнкі з народу.

Афіцыйны Менск неаднаразова крытыкаваў намер і рашэньне замежных дзяржаў увесьці санкцыі супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня. Гэтым, па словах міністра замежных спраў Уладзімера Макея і іншых дзяржаўных чыноўнікаў, сусьветная супольнасьць не дасягне кампрамісу зь Беларусьсю і ня прыйдзе да дыялёгу.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG