Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей: Магчыма, улада дзейнічала празьмернымі мэтадамі, але адэкватна. Ідзе адкрыты дыялёг


Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Дзеяньні сілавых органаў і ўладаў Беларусі ў дачыненьні да ўдзельнікаў пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году «былі абсалютна адэкватнымі і неабходнымі», заявіў міністар замежных спраў Уладзімер Макей у інтэрвію тэлеканалу Euronews, паказаным 29 красавіка.

Агенцтва БелаПАН цытуе кіраўніка беларускага зьнешнепалітычнага ведамства: «Мы расцэньваем падзеі мінулага году абсалютна зь іншага пункту гледжаньня (у параўнаньні з краінамі Захаду. — БелаПАН), — сказаў Макей. — Так, магчыма, улада часам дзейнічала і празьмернымі мэтадамі, але гэта была адэкватная рэакцыя на тыя абсалютна нямірныя акцыі пратэсту, гвалтоўныя акцыі пратэсту, якія мелі месца ў Беларусі».

Удзельнікаў пратэстаў, паводле яго слоў, затрымлівалі «за канкрэтныя злачынствы і правапарушэньні», а тыя, хто быў затрыманы несправядліва, «вызваленыя і вызваляюцца цяпер».

Міністар заявіў, што пасьля выбараў «была спроба ўчыніць дзяржаўны пераварот». «Таму ў тых умовах дзеяньні праваахоўных структур і дзеяньні ўлады былі абсалютна адэкватнымі і неабходнымі, — працягнуў кіраўнік МЗС. — На карту быў пастаўлены лёс краіны. І калі ў гэтай сытуацыі на шалі пакласьці лёс краіны і тыя рэчы, пра якія вы кажаце, уключаючы правы чалавека, то, я перакананы, кіраўніцтва любой краіны выбрала б захаваньне незалежнасьці, дзяржаўнасьці і сувэрэнітэту сваёй краіны. Менавіта так зрабілі і ўлады Беларусі».

На сёньня сытуацыя ў Беларусі «абсалютна нармальная», лічыць Макей. Ён заявіў пра адсутнасьць пратэстаў.

Паводле слоў міністра, у краіне ідзе «абсалютна эксклюзіўны адкрыты дыялёг» аб папраўках у Канстытуцыю і «толькі праз такі дыялёг можна дамагчыся посьпеху і мець сапраўдную дэмакратыю ў Беларусі, якая не навязваецца палкамі».

«Да 1 жніўня будуць падрыхтаваныя прапановы па папраўках у Канстытуцыю. Затым яны будуць вынесеныя на шырокае грамадзкае абмеркаваньне. Таму любы, хто хоча прыняць удзел у гэтым дыялёгу, уцягнуты», — дадаў ён.

Кіраўнік МЗС прызнаў пагаршэньне адносін з краінамі Захаду, падкрэсьліўшы, што яны «знаходзяцца ў крызіснай сытуацыі».

Ён пагадзіўся зь нядаўна апублікаванымі высновамі міжнароднай праваабарончай арганізацыі Freedom House пра тое, што ідэя больш дэмакратычнай Беларусі цяпер выглядае «ўсё больш аддаленай». «Пытаньне толькі ў тым, чаму гэта адбылося, чаму Беларусь адкінутая назад і дзякуючы каму яна адкінутая. Пытаньне рытарычнае», — лічыць кіраўнік МЗС.

На пытаньне, ці зьяўляецца Расея «апошнім рэсурсам для ўтрыманьня ўлады ў Беларусі», Макей адказаў, што неабходнасьць пабудовы сяброўскіх адносінаў зь ёй тлумачыцца тым, што Расея — гэта «магутная дзяржава як у эканамічных, так і ў вайсковых адносінах, а таксама важны геапалітычны гулец на сусьветнай арэне».

«Мы маем намер і далей разьвіваць інтэграцыйныя працэсы з суседняй брацкай Расеяй. Больш за тое, я павінен вам адназначна сказаць, што санкцыйныя дзеяньні, якія Эўразьвяз і іншыя краіны Захаду прымаюць супраць Беларусі, толькі спрыяюць далейшаму разьвіцьцю і ўмацаваньню інтэграцыйных працэсаў на двухбаковай аснове», — сказаў ён.

Варта адзначыць, што Міністэрства інфармацыі 12 красавіка выключыла тэлеканал Euronews са сьпісу замежных сродкаў масавай інфармацыі, якім дазволена распаўсюджваньне ў Беларусі. На сайце міністэрства паведамлялася, што тэрмін дзеяньня раней выдадзенага дазволу на вяшчаньне ў Беларусі скончыўся. Аднак кіраўніцтва тэлеканалу абвергла інфармацыю аб заканчэньні тэрміну дзеяньня дазволу. Паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў, дамова з тэлеканалам не працягнутая з прычыны «выяўленага парушэньня заканадаўства аб рэкляме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG