Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня будзе закрываць амбасады ў эўрапейскіх краінах і ва Ўкраіне


Уладзімер Макей

Беларусь скараціла амбасады ў некаторых краінах, аднак гэта не датычыцца эўрапейскіх краінаў і Ўкраіны, паведаміў на тэлеканале АНТ міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

«Скарачаем мы амбасады там, дзе нам ужо нявыгадна іх трымаць у сілу малога таваразвароту, нізкага экспарту ў тую або іншую краіну, таму мы ў некалькіх краінах скароцім нашы амбасады. Але гэта ня тычыцца эўрапейскіх краінаў, Украіны», — цытуе Макея БелаПАН.

Паводле яго, афіцыйны Менск разумее, што, аднойчы закрыўшы тую або іншую замежную ўстанову, складаней яе потым будзе аднавіць.

«Таму мы будзем працягваць узаемадзеяньне з усімі дзяржавамі. Але, вядома, будзем глядзець на тое, як да нас ставяцца. І калі будуць нейкія нюансы, якія не дазволяць нам ажыцьцяўляць дыпляматычную прысутнасьць у той або іншай краіне, то мы будзем прымаць адпаведныя рашэньні», — сказаў міністар.

Макей падкрэсьліў, што Менск гатовы «да таго, каб мець нармальныя стасункі з усімі партнэрамі, у тым ліку і прадстаўнікамі калектыўнага Захаду». «Але калі хтосьці ня хоча гэтага, значыць, мы вымушаныя тады шукаць больш надзейных партнэраў у іншых рэгіёнах», — сказаў кіраўнік МЗС, падкрэсьліўшы, што расейскі вэктар застаецца асноўным.

  • 6 красавіка Аляксандар Лукашэнка на нарадзе прапанаваў аптымізаваць колькасьць пасольстваў і іх штат: «Важна, каб сыстэма органаў дыпляматычнай службы ні ў якім разе не ператварылася ў закасьцянелую структуру, у якой працуюць тэарэтыкі, адарваныя ад жыцьця. У шэрагу краін наш шматгадовы досьвед сьведчыць пра тое, што пэрспэктывы беларускай дыпляматычнай прысутнасьці там не праглядаюцца. Дык навошта нам захоўваць свае амбасады, марнаваць бюджэтныя сродкі на іх утрыманьне? Да чаго там поўны штат дыпляматаў, якія адказваюць за напрамкі, якія пастаўлены на паўзу, мякка кажучы? У такіх выпадках трэба працаваць на ўмовах узаемнасьці, як гэта нядаўна было зроблена з Польшчай і Літвой».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG