Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржсакратар Блінкен: ЗША не пакінуць без адказу любыя агрэсіўныя дзеяньні Масквы


Прэзыдэнт Украіны і Дзяржсакратар ЗША, 6 траўня, Кіеў.
Прэзыдэнт Украіны і Дзяржсакратар ЗША, 6 траўня, Кіеў.

Злучаныя Штаты імкнуцца да стабільных і прадказальных адносінаў з Расеяй, але не пакінуць бяз адказу любыя агрэсіўныя або безразважныя дзеяньні Масквы, у тым ліку супраць Украіны.

Пра гэта заявіў дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен у інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Блінкен наведвае з візытам Кіеў.

Паводле слоў дзяржсакратара, ЗША і іх саюзьнікі вельмі сур’ёзна паставіліся да нядаўняга нарошчваньня расейскіх войскаў ля межаў з Украінай і ў анэксаваным Крыме і выразна далі Расеі зразумець, што любыя агрэсіўныя дзеяньні ў адносінах да Ўкраіны не застануцца без наступстваў.

Блінкен не стаў наўпрост казаць аб захадах, якія ЗША прынялі б у выпадку ўварваньня расейскіх войскаў на тэрыторыю Ўкраіны, аднак адзначыў, што Расея адчула б нэгатыўныя наступствы гэтага кроку «у розных сфэрах». Дзяржсакратар ЗША таксама заявіў, што Злучаныя Штаты і ў будучыні гатовыя аказваць Украіне дапамогу, каб забясьпечваць магчымасьць яе самаабароны ад агрэсіі. На пытаньне аб магчымых пастаўках узбраеньняў, у прыватнасьці сыстэм СПА, Блінкен адказаў, што мінабароны ЗША ўважліва разгледзіць усе запыты.

Паводле слоў дзяржсакратара, ЗША рэагуюць на агрэсіўныя дзеяньні Расеі не таму, што шукаюць з ёй канфрантацыі, а таму, што пэўныя дзеяньні нельга пакідаць беспакаранымі. У якасьці прыкладу ён прывёў дзеяньні Расеі ў 2014 годзе, калі быў анэксаваны Крым і пачаўся ўзброены канфлікт у Данбасе. Як сказаў Блінкен, калі б Злучаныя Штаты і іх саюзьнікі палічылі дзеяньні Расеі прымальнымі, гэта быў бы сыгнал для ўсяго сьвету, што перамагае права моцнага і прынцып сфэр уплыву ў сусьветнай палітыцы. Паводле яго слоў, ЗША выступаюць за захаваньне міжнародных нормаў і правілаў, а таксама за права народу Ўкраіны, як і іншых краінаў, самому вырашаць свой лёс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG