Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Стандартны набор заежджаных клішэ». МЗС адказала на заклік G7 правесьці новыя выбары ў Беларусі


Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, архіўнае фота
Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз, архіўнае фота

Прэс-сакратар МЗС Беларусі Анатоль Глаз пракамэнтаваў учорашнюю заяву G7, у якой краіны «Вялікай сямёркі» заклікалі ўлады Беларусі правесьці выбары і вызваліць несправядліва зьняволеных, паведамляе МЗС Беларусі.

«Гэта стандартны набор заежджаных клішэ. Такія мантры фактычна бязь зьменаў вандруюць з пляцоўкі на пляцоўку, дэманструючы, на жаль, глыбокае неразуменьне і нежаданьне разумець сытуацыю ў нашай краіне іх аўтарамі, антыбеларускую ангажаванасьць іх ініцыятараў.

У рыторыцы зразумела адкуль зьявіліся цяпер яшчэ і нейкія „сапраўдныя лідэры апазыцыі“. Прызначыць „сапраўдную ўладу“ ужо відавочна не атрымалася, таму можна паспрабаваць славесна легітымізаваць хоць бы зручную апазыцыю», — заявіў Анатоль Глаз.

Што тычыцца «прамога ціску адносна правядзеньня ў Беларусі электаральных кампаній», прэс-сакратарк МЗС адзначыў, што ўмяшаньне ва ўнутраныя справы сувэрэнных дзяржаў супярэчыць асноватворным нормам і прынцыпам міжнароднага права і Беларусь «сама будзе вырашаць, калі і якія электаральныя кампаніі праводзіць».

Таксама ён падкрэсьліў, што выбары ў Беларусі «праходзілі пад міжнародным назіраньнем», а «калі нейкія міжнародныя структуры апынуліся няздольныя арганізаваць сваю працу, маючы наша запрашэньне, то ня трэба спрабаваць перакласьці віну».

Што заявілі міністры замежных спраў G7

У выніковым камюніке, прынятым учора на саміце міністраў замежных спраў краінаў G7 у Лёндане, краіны «Вялікай сямёркі» заклікалі ўлады Беларусі:

  • уступіць у сапраўдны дыялёг з грамадзтвам і лідэрамі дэмакратычных сілаў і грамадзянскай супольнасьці,
  • прыняць прапанову АБСЭ стаць мэдыятарам у дыялёгу па вырашэньні палітычнага крызісу ў Беларусі,
  • правесьці новыя свабодныя і дэмакратычныя выбары пад міжнародным назіраньнем,
  • вызваліць усіх палітвязьняў,
  • спыніць усе рэпрэсіі, у тым ліку супраць журналістаў і праваабаронцаў,
  • забясьпечыць права на сходы і выказваньне,
  • выканаць рэкамэндацыі Маскоўскага Мэханізму АБСЭ.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG