Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Няма чаго хадзіць, куды ня трэба». У жодзінскай сям’і пасьля затрыманьня на «акцыі ў лазьні» хочуць адабраць прыёмнае дзіця


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Нечаканы працяг скандальнай гісторыі з разгонам «несанкцыянаванай акцыі» ў Жодзінскай лазьні.

24 красавіка ўвечары міліцыя затрымала 13 жанчын і 7 мужчын за «несанкцыянаваную акцыю» ў жодзінскай лазьні. Сярод затрыманых была Іна Чыжонак. Разам з мужам яна выхоўвае 12-гадовага прыёмнага сына Руслана.

4 траўня прадстаўнікі аддзелу адукацыі прапанавалі сям’і падпісацца пад скасаваньнем дамовы на прыёмнае бацькоўства. Пара хвалюецца, што ў іх могуць забраць дзіця. Сайт Rebenok.by высьветліў падрабязнасьці.

4 траўня ўвечары Іна Чыжонак напісала ў Фэйсбуку эмацыйны пост пра магчымую прымусовую разлуку з сынам:

«У мяне хочуць забраць дзіця. Майго прыёмнага сыночка, майго любімку і сьвятло ў маім жыцьці. 10 гадоў мы неразлучна разам [...] Бясконца горка ўсьведамляць, што дзеці зьяўляюцца інструмэнтам і цацкай маніпуляцый дарослых дзядзечак і цётачак. У аддзеле адукацыі нам паведамілі, што ў дачыненьні да нашай сямʼі паступіў сыгнал аб кепскім стаўленьні да дзіцяці і Руслану падбіраюць іншую сямʼю. Ну, вы ж разумееце...»

Жанчына расказала сайту Rebenok.by, што 25-га красавіка яна была сярод тых, каго затрымалі ў саўне сілавікі.

Суд над Інай пройдзе 6 траўня. Як і іншых удзельнікаў сустрэчы, яе абвінавачваюць ва «ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве». Сама яна гэта адмаўляе і кажа, што ў той дзень проста сустракалася са знаёмымі, а БЧБ-сьцяг у саўне міліцыя расклала сама.

Гэтая гісторыя не засталася незаўважанай у гарвыканкаме. Па словах Іны Чыжонак, яе муж Сяргей учора прыйшоў на працу, дзе яго ўжо чакала прадстаўніца аддзелу адукацыі.

«Яна паказала мужу паперу: «Вось расьпішыцеся, мы скасоўваем з вамі дамову аб прыёмным бацькоўстве». Мой муж ІП, а таксама аформлены як бацька-выхавацель, гэта значыць, яму сказалі, што яго звальняюць. І там жа заявілі, што рыхтуецца пастанова аб адабраньні дзіцяці — яму шукаюць іншую сямʼю. «І вы ўжо нічога ня зробіце, таму што няма чаго хадзіць туды, куды ня трэба», — сказалі мужу. Ён адказаў, што нічога падпісваць ня будзе.

У сьнежні мінулага году Іну затрымалі за БЧБ-парасон і асудзілі па арт. 23.34 КаАП. Потым мужа Іны выклікалі ў аддзел адукацыі. Там сямʼю папярэдзілі, што нельга ўдзельнічаць ні ў якіх несанкцыянаваных мерапрыемствах, мітынгах.

Пасьля ранішняй сустрэчы з прадстаўніком аддзелу адукацыі Іна напісала заяву начальніку аддзелу адукацыі, а яе муж паехаў з дакумэнтам у гарвыканкам. Аднак з начальнікам аддзелу Сяргей не сустрэўся, бо той у адпачынку. Пагаварыў толькі зь яго намесьнікам.

«Гадзіны дзьве размаўляў, расказваў пра дзяцей (у сямʼі трое прыёмных дзяцей, але старэйшыя ўжо дарослыя, ім 17 і 20 гадоў), зь якімі цяжкасьцямі мы сутыкаліся, што Руслан вельмі да нас прывязаны. Спэцыяліст ставілася да нас вельмі прыхільна, але патлумачыла, што да іх паступіў сыгнал пра нелады ў нашай сямʼі і кепскае стаўленьне да дзіцяці. Нам сказалі, што 5 траўня пройдзе нарада ў пашыраным складзе ў выканкаме. Калі там прымуць рашэньне адабраць дзіця, то аддзел адукацыі будзе вымушаны падпарадкавацца».

Rebenok.by спрабаваў зьвязацца з кіраўніцтвам аддзелу адукацыі ў Жодзінскім выканкаме. Аднак там адказалі, што намесьнік начальніка, а таксама спэцыяліст аддзелу па ахове дзяцінства знаходзяцца на нарадзе.

Тым часам Іна і Сяргей Чыжонкі пачалі зьбіраць подпісы ў абарону сваёй сямʼі. Іна кажа, што Руслана яны ўзялі зь дзіцячага дому 3-гадовым. Цяпер Руслану 12 гадоў, ён вучыцца ў 6-й клясе. Любіць хадзіць у школьны цір, на валейбол, займаецца футболам. Пра сытуацыю зь ціскам на сямʼю хлопец ведае, але ўжо папярэдзіў бацькоў, што «ўцячэ зь любога месца, калі яго забяруць».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG