Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справу зьняволенага анархіста Міколы Дзядка накіравалі ў пракуратуру, сьледзтва завершана

Мікола Дзядок на вокладцы кнігі «Фарбы паралельнага сьвету».
Мікола Дзядок на вокладцы кнігі «Фарбы паралельнага сьвету».

Блогеру прад’явілі канчатковае абвінавачаньне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу.

Паводле Tut.by, Міколу Дзядка абвінавачваюць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • ч. 1 арт. 295-3 (незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да прадметаў, паражальная дзейнасьць якіх грунтуецца на выкарыстаньні гаручых рэчываў)
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак)
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы пры дапамозе сеткі інтэрнэт).

«Пракуратура вывучае абвінаваўчае заключэньне і затым вырашае, ці дастаткова падставаў для накіраваньня справы ў суд, — патлумачыў бацька вязьня Аляксандар Дзядок. — Дарэчы, адвакат выявіў дзіўную рэч. У працэсе арышту ў сына канфіскоўвалі рэчы, у тым ліку славутыя бутэлькі „з гаруча-змазачнымі матэрыяламі“. Але ў пратаколе ператрусу адсутнічае частка таго, што забралі: фотаапарат Canon, штатыў да яго, ліхтарыкі, 1000 рублёў. Гэта будзе напісана ў адпаведных хадайніцтвах».

У Міколы Дзядка застаюцца нявырашанымі праблемы са здароўем: частыя галаўныя болі і праблемы са страўнікам. Ён прасіў абсьледаваць яго і правесьці фібрагастраскапію, аднак усе скаргі ігнаруюцца. Акрамя таго, ён практычна не атрымлівае лістоў, а родным карэспандэнцыя ад яго прыходзіць зь перабоямі.

«Я апошні ліст ад яго атрымаў, які быў датаваны 6 красавіка. Мікалай не атрымаў ніводнага ліста ад сястры, адзін ёй вярнуўся, астатнія наогул зьніклі. Яго дэ-факта пазбавілі права атрымліваць і адпраўляць лісты. Ён быў на прыёме ў пракурора па наглядзе, які прыяжджаў у СІЗА, гэта было больш за 10 дзён таму. Той абяцаў разабрацца і прыняць меры, але ніякіх зьменаў так і не адбылося», — кажа Дзядок-старэйшы.

Сам ён спрабаваў трапіць на прыём да начальніка СІЗА № 1 у прыёмны дзень 3 траўня, аднак яму адмовілі, не патлумачыўшы прычыну.

Мікола Дзядок не прызнае віны па ніводным з названых артыкулаў. Паводле бацькі, ацэньвае гэта як перасьлед за погляды, перакананьні і жаданьне гаварыць праўду.

XS
SM
MD
LG