Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справядлівасьць, рэвалюцыя, Салжаніцын. Пра што гаварылі ў апошнім слове абвінавачаныя ў справе «Армія з народам» 


На працэсе па справе тэлеграм-каналу «Армія з народам», які праходзіць у Менскім абласным судзе, прайшлі спрэчкі бакоў.

За «падрыхтоўку да масавых беспарадкаў і навучаньне гвалтоўным дзеяньням» пракурор прасіў усім абвінавачаным вялікія тэрміны: адміністратару каналу Сяргею Ярашэвічу і ягонай жонцы Антаніне Канавалавай — па 5,5 года зьняволеньня, адміністратару Яўгену Прывалаву і блогеру Сяргею Коршуну — па 4,5 года, а актывісту «Народнай грамады» Сяргею Спарышу, якога да таго ж вінавацяць у перашкодзе працы Цэнтравыбаркаму, — 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Абаронцы ўсіх 5 абвінавачаных, наадварот, прасілі для сваіх кліентаў апраўдальных прысудаў. Адвакаты мяркуюць, што справы іх падабаронных заведзеныя з палітычных прычын. Падсудным далі выступіць з апошнім словам. Гэтым правам змаглі скарыстацца ўсе, акрамя Сяргея Спарыша, якога падчас выступу судзьдзя спыніў і ўжо другі раз цягам працэсу выдаліў з залі. Пра што гаварыў паплечнік Статкевіча і што казалі суду іншыя абвінавачаныя ў справе «Арміі з народам»?

«Гэта Лукашэнка пагражаў тысячам людзей, а мы заклікалі да мірнага пратэсту»

На самым пачатку працэсу актывіст «Народнай грамады» Сяргей Спарыш заяўляў адвод судзьдзі Сяргею Епіхаву, матывуючы гэта тым, што судзьдзя падпарадкоўваецца чалавеку, якога, на думку Спарыша, нельга лічыць легітымным прэзыдэнтам. У апошнім слове Сяргей Спарыш таксама не хаваў, што быў супраць новага абраньня Лукашэнкі прэзыдэнтам і рабіў усё магчымае, каб гэтага не адбылося. Але, падкрэсьліваў актывіст «Народнай грамады», у межах Канстытуцыі, мірнымі сродкамі: арганізацыяй пікетаў падчас выбарчай кампаніі, удзелам у дэманстрацыях пратэсту на вуліцах.

Сяргей Спарыш, 2019. Архіўнае фота
Сяргей Спарыш, 2019. Архіўнае фота

Паводле Спарыша, ён карыстаўся каналам «Армія з народам» як інструмэнтам такой мірнай палітычнай барацьбы, не пераступаючы межаў, дазволеных законам. «Мы нікому не пагражалі зброяй, нам былі патрэбныя сумленныя выбары, а не рэвалюцыя», — казаў Сяргей Спарыш. Паводле падсуднага, гэта Лукашэнка пагражаў тысячам людзей, калі згадваў пра крывавыя падзеі здушэньня паўстаньня ў Андыжане. Менавіта пасьля гэтых словаў судзьдзя спыніў прамоўцу і загадаў вывесьці яго з залі.

«Прыхлопні баршчаварку»

Гэта была ўжо трэцяя заўвага, якую Спарыш атрымаў ад судзьдзі падчас свайго выступу. Да таго Сяргей пасьпеў расказаць пра пагрозы, якія за час сваёй палітычнай дзейнасьці рэгулярна атрымліваў ад невядомых людзей. У прыватнасьці, яго палохалі, што павесяць, ды правакавалі на набыцьцё наркотыкаў. Судзьдзя прапанаваў вярнуцца да абвінавачаньня. Тады актывіст «Народнай грамады» спыніўся на эпізодзе аб нібыта перасьледзе старшыні Цэнтравыбаркаму Лідзіі Ярмошынай. Паводле Сяргея Спарыша, ён ніколі не прапаноўваў арганізаваць ціск на Ярмошыну і лічыць, што яе страхі ня маюць да яго дачыненьня.

«Не разумею, якую шкоду я мог нанесьці Лідзіі Ярмошынай? Калі ад таго, што людзі абмяркоўваць яе дзейнасьць, у яе падымаецца ціск, дык магу ёй толькі паспачуваць», — казаў Сяргей Спарыш.

Паводле сьледзтва, Сяргей Спарыш нібыта быў зьвязаны з блогерам «Краіны для жыцьця» Сяргеем Ціханоўскім, а той у канцы траўня ў Магілёве публічна сказаў, што каля дому Ярмошынай будзе зладжаны пікет. Калі летась у кастрычніку група мітынгоўцаў падчас маршу пратэсту дайшла да дому Лідзіі Ярмошынай, каб выказаць ёй сваю нязгоду з падлікам галасоў, сьледчыя зьвязалі гэты факт з допісам «Прыхлопні баршчаварку», знойдзеным у тэлеграм-канале «Армія з народам». Паводле сьледзтва, допіс зрабіў Сяргей Спарыш. Аднак, як казаў падчас спрэчак адвакат, той допіс зьявіўся яшчэ ў чэрвені, таму дзьве падзеі не былі зьвязаныя. Іншых доказаў датычнасьці Спарыша да нібыта ціску на Ярмошыну ўвогуле няма, даводзіў адвакат.

Таксама да выдаленьня з залі Сяргей Спарыш пасьпеў выказацца пра гвалт з боку мітынгоўцаў і дыялёг грамадзтва з уладамі. Паводле Сяргея Спарыша, «адзіночныя факты гвалту з боку пратэстоўцаў калі і былі, дык толькі ў адказ на масавы гвалт з боку сілавікоў». Пры гэтым Сяргей Спарыш мяркуе, што мірны дыялёг з уладамі з боку тых, хто патрабуе новых выбараў, дагэтуль магчымы.

«Пакараньне — толькі першыя паўгода»

Апошнія словы іншых падсудных у справе «Арміі з народам» былі па працягласьці розныя, але ўсіх аб’ядноўвала тое, што віны яны не прызнавалі і літасьці ў суду не прасілі.

  • Адміністратар «Арміі з народам» Яўген Прывалаў перакананы ў вышэйшай справядлівасьці і таму спакойны за свой будучы лёс. Паводле Прывалава, «праз аднаго чалавека ў Беларусі церпяць тысячы людзей, у тым ліку дзеці будуць разлучаныя з бацькамі». Яўген Прывалаў — адзіны з падсудных, хто падчас працэсу заставаўся пад падпіскай, але сёньня ён прыйшоў у суд з рэчамі. На судзе былі агучаныя допісы Яўгена Прывалава ў чаце. «Давайце не дапусьцім гвалту, толькі мірны пратэст», — пісаў Прывалаў. У падсуднага двое дзяцей — 2 і 9 гадоў.
  • Антаніна Канавалава падзякавала бацькам, якім давядзецца выхоўваць іх зь Сяргеем Ярашэвічам дзяцей. Таксама маладая жанчына зьвярнулася да сяброў: «Мы вышэйшыя, мы мацнейшыя, нас немагчыма зламаць», — гучна прамаўляла Антаніна з жалезнай клеткі, а ў самой у гэты момант дрыжэў голас і сьлёзы блішчэлі ў вачах. Двое малых дзяцей Антаніны і Сяргея цяпер за мяжой з бабуляй.
  • Яе муж Сяргей Ярашэвіч у апошнім слове расказаў пра міліцыянта пад прозьвішчам Андрэеў, які стараўся «зарабіць прэмію, правакаваў падпісчыкаў сваімі допісамі ў чаце». На сьледзтве Андрэеў сьведчыў супраць падсудных, але на суд так і не зьявіўся, задаць яму пытаньне не ўдалося. Таксама Ярашэвіч згадаў, як сьледчых цікавіла, чаму ён супраць Лукашэнкі. «Усе пра гэта пыталіся, нібыта для іх гэта злачынства — быць супраць Лукашэнкі» — адзначаў адміністратар тэлеграм-каналу. Таксама ён зьдзіўляўся, што дагэтуль не завялі крымінальнай справы супраць прапагандыста Азаронка, які, паводле Ярашэвіча, «адкрыта заклікаў забіваць людзей».
  • Сяргей Коршун, архіўнае фота
    Сяргей Коршун, архіўнае фота
    Былы міліцыянт Сяргей Коршун ня стаў прасіць у суду літасьці, а толькі нагадаў словы расейскага пісьменьніка Аляксандра Салжаніцына. Паводле былога зэка ГУЛАГу Салжаніцына, для вязьня толькі першыя паўгода — пакараньне, а потым ён прыстасоўваецца да жыцьця за кратамі. Затое для сваякоў вязьня ягоная няволя застаецца пакараньнем на ўвесь тэрмін, лічыў Аляксандар Салжаніцын.

Паводле адваката Сяргея Коршуна, ягоныя допісы ў тэлеграм-канале «Армія з народам» былі скіраваныя на тое, каб не дапусьціць крывавай сутычкі сілавікоў з пратэстоўцамі. «Тут зьбіраюцца тыя, хто хоча перамен, і па магчымасьці мірным шляхам», — такі допіс Коршуна цытавала ягоная адвакатка. Зь яе словаў, на Сяргея Коршуна падчас сьледзтва аказваўся фізычны і псыхалягічны ціск, у тым ліку пагражалі ягонай сям’і.

Прысуд фігурантам справы агучаць 7 траўня.

  • Тэлеграм-канал «Армія з народам» узьнік у чэрвені 2020. МУС закідае яму каардынацыю пратэстаў і супраціву сілавікам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG