Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Усе не прызнаюць віны, двое адмаўляюцца ад паказаньняў. Працягваецца суд па справе тэлеграм-каналу «Армія з народам»


Алена Колікава, якую называў на працэсе адвакат Сяргей Кротаў. Але суд адмовіўся далучаць да справы сабраныя адвакатам дакумэнты
Алена Колікава, якую называў на працэсе адвакат Сяргей Кротаў. Але суд адмовіўся далучаць да справы сабраныя адвакатам дакумэнты

На працэсе па справе тэлеграм-каналу «Армія з народам», які аднавіўся ў Менскім абласным судзе пасьля некалькіх дзён перапынку, ніводзін зь пяці падсудных не прызнаў віны, а двое ўвогуле адмовіліся даваць паказаньні. На паседжаньні 3 траўня скончыўся допыт абвінавачаных, прагучалі дадзеныя апэрацыі «Слыхавы кантроль», а суд адхіліў хадайніцтвы адвакатаў, якія тыя называлі вельмі істотнымі для высьвятленьня праўды.

У справе фігуруе нікнэйм «Дачка палку»

У справе «Армія з народам» 5 абвінавачаных. Гэта меркаваныя адміністратары тэлеграм-каналу Сяргей Ярашэвіч і ягоная жонка Антаніна Канавалава, а таксама блогеры Яўген Прывалаў і Сяргей Коршун. Усіх вінавацяць у падрыхтоўцы да масавых беспарадкаў, а актывісту «Народнай грамады» Сяргею Спарышу, які зь імі аказаўся ў адной справе, выставілі яшчэ абвінавачваньне ў перашкодзе працы Цэнтравыбаркаму.

Сяргей Ярашэвіч віны не прызнаў і адмовіўся даваць паказаньні. А вось жонку Ярашэвіча Антаніну Канавалаву, якая на лаве падсудных сядзіць зь ім побач і таксама цалкам не прызнае віны, у судзе дапыталі. Трэцяга траўня падсудная расказала, як удзельнічала ў перадвыбарчай кампаніі ў якасьці валянтэра штабу Святланы Ціханоўскай, як «зьбірала за яе подпісы» ды рабіла іншую працу, якая, па яе ацэнцы, «была цалкам законнай». Між тым сьледзтва мяркуе, што гэта Антаніна Канавалава пад нікам «Дачка палку» ў канале «Армія з народам» заклікала да беспарадкаў і давала інструкцыі, як рыхтавацца да незаконных дзеяньняў.

Антаніна Канавалава абвінавачаньні рашуча адмаўляе і даводзіць, што нік «Дачка палку», пад якім яна, паводле сьледзтва, выступала ў тэлеграм-канале, ёй не належыць. Сёньня адвакат Канавалавай Сяргей Кротаў агучыў інфармацыю, што насамрэч блогер «Дачка палку» — гэта грамадзянка Беларусі Алена Колікава, якая цяпер жыве ва Ўкраіне. Паводле абаронцы, гэтая жанчына працягвае выступаць у канале пад тым жа нікам, пра што сьведчаць скрыншоты, якія адвакат прадэманстраваў суду і прасіў далучыць іх да матэрыялаў справы. На думку адваката, сабраныя ім дакумэнты — з разраду вырашальных у даказваньні невінаватасьці Канавалавай.

Для задавальненьня гэтага хадайніцтва патрэбная згода пракурора. Але прадстаўнік абвінавачваньня Андрэеў заявіў, што ён супраць, бо час зьяўленьня блогаў, прапанаваных адвакатам для папаўненьня базы доказаў, выходзіць за часавыя рамкі эпізодаў справы. Хоць усе іншыя ўдзельнікі працэсу таксама былі за далучэньне дакумэнтаў, судзьдзя Епіхаў пагадзіўся з пракурорам. Такі ж лёс напаткаў і хадайніцтва абаронцы Сяргея Кротава аб прызначэньні комплекснай лінгвістычнай экспэртызы ўключаных раней у справу допісаў у канале «Армія з народам». Сьледзтва лічыць, што допісы нібыта «заклікаюць да беспарадкаў і інструктуюць, як іх рыхтаваць». Адвакат прапанаваў яшчэ раз пільна ва ўсім разабрацца, але суд зноў пагадзіўся з пракурорам, паводле якога «доказаў дастаткова».

У матэрыялах справы — размовы Спарыша ў Тэлеграме

Апошнім з падсудных суд спрабаваў дапытаць актывіста «Народнай грамады» Сяргея Спарыша. Раней Спарыш адмовіўся размаўляць з судзьдзём і пракурорам і нават быў выдалены з працэсу. Сёньняшняя спроба разгаварыць актывіста «Народнай грамады» таксама аказалася няўдалай — ён зноў адмовіўся даваць паказаньні. Зачыталі ягоныя допыты падчас сьледзтва, і высьветлілася, што і тады Сяргей Спарыш адмаўляўся адказваць на пытаньні ды заяўляў, што лічыць сваё затрыманьне незаконным, а справу — палітычна матываванай. Пракурор на згоду судзьдзі зачытаў з матэрыялаў справы дадзеныя апэрацыі «Слыхавы кантроль», якую адносна Спарыша спэцслужбы праводзілі ад пачатку чэрвеня і да канца жніўня 2020 году. Тым, хто сачыў за Сяргеем Спарышом, нібыта ўдалося запісаць ягоныя размовы ў Тэлеграме. Вось некаторыя фразы з тых размоваў, пачутыя ў судовай залі з голасу пракурора.

«Калі б людзі выйшлі, як у падтрымку Флойда».

«Будуць біць моцна».

«Рэальную небясьпеку ўяўляе АМАП. Там адмыслова адабралі людзей... пад наркатой. Маладым даюць адмысловы чаёк».

«Калі па іх віне пральецца кроў, іх трэба мачыць пачкамі».

«Калі народ выйдзе сам, мы не сыходзім».

«Чакаем рэгістрацыі Ціханоўскіх».

«Нашых сілаў паасобку мала».

«Меркавана, прагуляемся да дому Ярмошынай».

«Пагуляць каля „Валадаркі“ і „амэрыканкі“, каб выказаць салідарнасьць».

«Трэба падумаць і напісаць нейкі тэксьцік, яшчэ прапануюць «97%».

Гэтыя фразы, паводле сьледзтва, гучалі ў размовах Сяргея Спарыша, якія адбываліся падчас перадвыбарчай кампаніі і ў першыя тыдні пратэстаў пасьля выбараў. Сярод тых, з кім нібыта размаўляў Спарыш, сьледзтва называе Мікалая Статкевіча і актывіста па прозьвішчы Бань. Яшчэ, паводле сьледзтва, Сяргей Спарыш кантактаваў з Паўлам Севярынцам і Сяргеем Ціханоўскім.

Так гэта ці не, доказаў сьледзтва пакуль не падае. Адвакат Сяргея Спарыша Касьцюк хадайнічаў, каб згаданых палітыкаў выклікалі ў суд і дапыталі. Маўляў, яны знаходзяцца ў сьледчых ізалятарах, зрабіць гэта не складана. Але суд і гэтага хадайніцтва не задаволіў.

Працэс працягнецца 4 траўня. Меркавана, пачнуцца судовыя спрэчкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG