Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Індыі новая рэкордная колькасьць заражэньняў каранавірусам за суткі


Заражаны каранпвірусам пацыент у шпіталі ў Нью-Дэлі

Індыі пакуль не ўдаецца справіцца з ростам колькасьці заражэньняў і сьмерцяў ад каранавіруснай інфэкцыі.

Толькі за мінулы тыдзень у Індыі было зарэгістравана 2 мільёна 600 тысяч новых выпадкаў хваробы, памерлі — 23 800 чалавек. Апошнія 10 дзён сутачны прырост заражэньняў складаў каля 300 тысяч, 3 траўня ён перавысіў 360 тысяч. Памерлі за апошнія суткі 3 417 чалавек. Усяго ахвярамі пандэміі ў краіне сталі каля 215 тысяч жыхароў. Экспэрты не выключаюць, што рэальная колькасьць заражэньняў і сьмерцяў нашмат вышэйшая.

У Індыю паступае міжнародная дапамога, каб дапамагчы ёй справіцца зь недахопам мэдычнага кіслароду і прэпаратаў для лячэньня хворых. Вялікая Брытанія паведаміла, што накіруе ў сваю былую калёнію дадаткова тысячу апаратаў для штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Індыйскі ўрад на чале з прэм’ерам Нарендрам Модзі дагэтуль устрымліваецца ад увядзеньня нацыянальнага локдаўну, але многія штаты прымаюць уласныя абмежавальныя захады ў спробе стрымаць распаўсюд каранавірусу.

Крызіс з COVID-19 назіраецца і ў іншых частках Паўднёвай Азіі.

Рост заражэньняў адзначаны і ў Нэпале ды Шры-Ланцы, дзе ў бальніцах таксама не хапае ложкаў, кіслароду і лекаў. Мясцовыя эпідэміёлягі падкрэсьліваюць, што краіны неўзабаве могуць сутыкнуцца з крызісам індыйскага тыпу, калі ня спыняць цяперашнюю тэндэнцыю распаўсюду захворваньня.

Пакістан, які перажывае трэцюю хвалю эпідэміі, з 4 траўня закрывае прыблізна на два тыдні межы з Аўганістанам і Іранам. Рашэньне, аднак, не закране пакістанцаў, якія вяртаюцца на радзіму з гэтых суседніх дзяржаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG