Лінкі ўнівэрсальнага доступу

98 палітычна матываваных крымінальных справаў. Праваабаронцы падвялі вынікі красавіка


Затрыманьні ў Менску, архіўнае фота
Затрыманьні ў Менску, архіўнае фота

Праваабаронцы ацанілі сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі за красавік. У справаздачы канстатуецца: улады працягвалі крымінальны перасьлед грамадзянаў з палітычных матываў. Агулам у ізалятарах і месцах адбываньня пакараньня знаходзяцца 360 палітвязьняў, гэтая колькасьць павялічвацца.

Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», цягам месяца агучылі прысуды прынамсі 98 чалавекам у палітычна матываваных крымінальных справах. Пры гэтым маніторынг судовых працэсаў засьведчыў шматлікія парушэньні прынцыпаў справядлівага разбору і працэсуальных правоў абвінавачаных.

Працягваюцца затрыманьні ўдзельнікаў мірных акцый, а таксама за выкарыстаньне бел-чырвона-белай сымболікі, у тым ліку ў прыватным жытле. Усяго за красавік затрымалі 304 чалавекі, вынесена больш за 200 судовых пастановаў.

17 красавіка ў Маскве супрацоўнікі ФСБ Расеі і КДБ Беларусі затрымалі юрыста з грамадзянствамі Беларусі і ЗША Юрася Зянковіча і палітоляга Аляксандра Фядуту. Раней пад Шкловам затрымалі старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Супраць іх завялі крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 357 КК (змова і іншыя дзеяньні з мэтай захопу ўлады). Прапаганда сьцьвярджае, што ў тым ліку спэцслужбаў ЗША датычныя да падрыхтоўкі дзяржаўнага перавароту ў Беларусі і замаху на Лукашэнку і яго сям’ю.

Праходзілі ператрусы і затрыманьні прадстаўнікоў шэрагу праваабарончых арганізацый, а таксама сьледчыя дзеяньні ў дачыненні сябраў ПЦ «Вясна».

Набыткам галоснасьці сталі шматлікія факты жорсткага абыходжаньня супраць грамадзян, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту за ўдзел у мірных сходах. Наўмысна створаныя адміністрацыямі ЦІП і ІЧУ бесчалавечныя ўмовы ўтрыманьня расцэньваюцца экспэртамі як катаваньні.

Асаблівую занепакоенасьць выклікаюць прынятыя Палатай прадстаўнікоў зьмены ў шэраг законаў і Крымінальны кодэкс, накіраваныя на ўзмацненьне крымінальнай адказнасьці за ўдзел у пратэстных сходах і публічную крытыку дзейнага палітычнага рэжыму.

На працягу мінулага месяца сытуацыя з правамі чалавека ў краіне працягвала пагаршацца, робяць выснову праваабаронцы.

Цалкам справаздача ТУТ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG