Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 чэрвеня ў Беларусі вырасьце шэраг камунальных тарыфаў


Рост тарыфаў на камунальныя паслугі, карыкатура
Рост тарыфаў на камунальныя паслугі, карыкатура

Улетку зьменяцца тарыфы на тэхабслугоўваньне, вываз сьмецьця, прыборку пад’езду, а таксама на газ — прыродны і звадкаваны. Таксама ўвядуць адзіны парадак спагнаньня плацяжоў для некаторых плацельшчыкаў.

Як і на колькі павышаюць тарыфы на ЖКГ

У Беларусі штогод з 1 студзеня плянава падымаюць тарыфы на жыльлёва-камунальныя паслугі ў межах 5 даляраў у разьліку на тыпавую двухпакаёвую кватэру з трыма жыхарамі пры нарматыўным спажываньні імі паслуг, піша finance.tut.by.

Сёлета тарыфы на «камуналку», як і ў папярэднія гады, павышаюцца ў 2 этапы: з 1 студзеня агулам яны вырасьлі на 4,2 даляру, а з 1 чэрвеня вырастуць яшчэ на 0,8 даляру. З чэрвеня падымуць ільготныя тарыфы на цеплазабесьпячэньне — ацяпленьне і падагрэў вады. Пры гэтым некаторыя тарыфы з 1 чэрвеня зьнізяцца.

Што з коштамі за ацяпленьне і гарачую ваду?

Тарыфы на гэтыя паслугі павялічацца да 21,9245 рубля за 1 Гкал. Рост складзе 6,3%.

Эканамічна абгрунтаваны тарыф на гэтыя паслугі павысілі з 1 студзеня 2021 году — да 107,31 рубля за 1 Гкал. Тады рост склаў 16,3%.

Зьмены па тэхабслугоўваньні

На тэхнічнае абслугоўваньне тарыф з 1 чэрвеня складзе 0,1238 рубля за 1 кв. м Ільготны тарыф прымяняецца пры ўмове, што ў кватэры зарэгістраваныя людзі. Поўны ж тарыф вырас з 1 студзеня крыху больш чым на 11% і складае цяпер 0,1419 за 1 кв. м З 1 чэрвеня ён ня будзе мяняцца. Тарыф на тэхабслугоўваньне ліфта ўлетку зьнізіцца да 1,43 рубля на аднаго жыхара ў месяц (цяпер — 1,5 рубля).

Новыя тарыфы за ўборку пад’ездаў і вываз сьмецьця

За «санітарнае ўтрыманьне дапаможных памяшканьняў жылога дома», як у дакумэнтах называецца прыборка пад’ездаў, з 1 чэрвеня будуць браць 0,85 рубля на аднаго жыхара ў Менску, У абласьцях — 0,74 рубля. Гэта на 3 капейкі больш, чым у першым паўгодзьдзі.

З чэрвеня таксама зьнізяць тарыф на вываз сьмецьця. У Менску ў жыльлі без сьмецьцеправоду тарыф упадзе да 7,45 рубля, у астатніх рэгіёнах — да 8,94 рубля.

Тарыф за газ

Тарыф на прыродны газ у пэрыяд з 1 чэрвеня па 31 сьнежня для дамоў з усталяванымі індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі ўліку расходу газу складзе 0,1406 рубля замест цяперашніх 0,1271 рубля. У жыльлі, дзе ёсьць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы (і няма прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу), з 1 чэрвеня па 31 сьнежня за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшканьня ў месяц трэба будзе плаціць 0,6312 рубля. У неацяпляльны пэрыяд дзейнічаюць наступныя тарыфы: з 1 студзеня па 31 мая — 0,2226 рубля, з 1 чэрвеня па 31 сьнежня — 0,2367 рубля.

Кубамэтар звадкаванага газу ў кватэрах і дамах з устаноўленымі прыборамі індывідуальнага ўліку расходу газу і індывідуальнымі газавымі ацяпляльнымі прыборамі ў ацяпляльны сэзон з 1 студзеня па 31 траўня каштуе 2,1884 рубля, а з 1 чэрвеня па 31 сьнежня — 2,3142 рубля.

Тарыф на звадкаваны газ у жыльлі, дзе ёсьць індывідуальныя газавыя ацяпляльныя прыборы (і няма прыбораў індывідуальнага ўліку расходу газу), у ацяпляльны сэзон складае: з 1 студзеня па 31 траўня ўключна — 7,0314 рубля за 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшканьня ў месяц, з 1 чэрвеня па 31 сьнежня ўключна — 7,4757 рубля.

Што яшчэ зьменіцца з чэрвеня ў аплаце паслуг ЖКГ?

З чэрвеня ў некаторых «жыроўках» можа зьявіцца радок «кіраваньне агульнай маёмасьцю сумеснага домаўладаньня». Тарыф — 0,0165 за адзін кв. м. Пры гэтым такі радок можа зьявіцца ў пэўных выпадках. У Жыльлёвым кодэксе прапісана, што мясцовыя ўлады прызначаюць арганізацыю для кіраваньня агульнай маёмасьцю, арганізацыі аказаньня асноўных і дадатковых паслуг на падставе дамовы, калі:

  • удзельнікамі сумеснага домаўладаньня не прынята рашэньне аб стварэньні таварыства ўласьнікаў або аб кіраваньні агульнай маёмасьцю непасрэдна ўдзельнікамі сумеснага домаўладаньня;
  • у выпадку ліквідацыі арганізацыі забудоўнікаў або таварыства ўласьнікаў.

Пры гэтым такія арганізацыі ня могуць аказваць паслугі водазабесьпячэньня, каналізацыі, газа-і электразабесьпячэньня. Па факце такая плата магла спаганяцца і раней, аднак з 1 чэрвеня пастановай ураду вызначаны адзіны парадак зьбіраньня гэтай аплаты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG