Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: травень


Аўгуст Леопальд Эг «Спадарожніцы» (1862)

Жнівеньская рэвалюцыя, безумоўна, паўплывала на пляны беларускіх літаратараў. Яны не сьпяшаюцца аддаваць у друк напісанае да поствыбарчых падзеяў.

Кардынальна зьмененая грамадзкая сытуацыя вымагае ад творцаў пошуку новых сюжэтаў, сучасных мэтафараў ды мадэрнізацыі мовы. І як вынік (у дадатак да рэпрэсіўных дзеяньняў уладных структураў у дачыненьні да нацыянальных праектаў) — даволі сьціплыя выдавецкія набыткі. Прынамсі, пакуль што.

У нашай штомесячнай рубрыцы — пра кніжныя навінкі траўня.

Паэзія

«Scriptorium». Зборнік твораў Школы маладога літаратара. Менск, «Кнігазбор».

Гэта адмысловая справаздача выпускнікоў школы, якая дзейнічае пры Саюзе беларускіх пісьменьнікаў, за 2019/20 навучальны год. У ёй 23 аўтары, абсалютная бальшыня якіх — вершаскладальнікі. Што лішні раз паказвае слушнасьць сьцьверджаньня пра Беларусь як краіну паэтаў. А яшчэ зборнік адлюстроўвае стан білінгвізму і грамадзкага самапачуваньня маладых творцаў. Мэтафарычнае тлумачэньне гэтым зьявам паспрабаваў зрабіць Антон Саладоўнікаў:

* * *

Радзіма з акцэнтамі «Родины»
Вучыла маўчаць мяне з садзіка.
Хрыстос прызямліўся ў Гародні,
Але толькі для перасадкі.
Айчына па слоўніку Сталіна
Тлумачыла добрае, вечнае,
Таму і сучаснасьць — рэстайлінг
Савеччыны.

Проза

Славамір Равіч. «Доўгі шлях». Пераклад з ангельскай Віталя Абрамовіча. Менск, «Кнігазбор».

Надрукаваная ў Брытаніі ў 1956 годзе кніга выклікала сапраўдны фурор. Напісаная ў жанры прыгодніцкага раманe на дакумэнтальных фактах, яна стала адным зь першых сьведчаньняў на Захадзе пра жахі савецкай рэпрэсіўнай сыстэмы. Асаблівую папулярнасьць твор займеў у Злучаных Штатах Амэрыкі дзе паводле яго сюжэту вядомы галівудзкі рэжысэр Пітэр Вір нават зьняў фільм «The Way Back».

…Увосень 1939 году малады паручнік польскай кавалерыі Славамір
Равіч трапляе ў самае пекла пачатку Другой сусьветнай вайны. Пасьля
паразы польскага войска ён вяртаецца ў родны Пінск, дзе яго ўжо чакаюць
каты з НКУС. Маладога афіцэра дапытваюць у вязьніцах Менску, Харкава
і маскоўскай Лубянкі, пасьля чаго ссылаюць на 25 гадоў прымусовых працаў у сыбірскі лягер № 303. Але Славамір і не падумаў здавацца камуністычным людажэрам. Разам з шасьцю вязьнямі ён уцякае на поўдзень. Да поўнага выратаваньня ўцекачы прайшлі больш за 6000 кілямэтраў, маючы пры сабе толькі сякеру, нож і мару пра свабоду.

Кніга Славаміра Равіча стала бэстсэлерам і была перакладзеная на 25
моваў сьвету. І вось нарэшце з гэтым творам могуць пазнаёміцца і беларускія чытачы.

Дзіцячая літаратура

Вольга Шчукіна.«Чарадзейны крышталь, або Нечаканы госьць». Менск, «Кнігазбор».

Юныя чытачы ўжо ведаюць імя аўтаркі па яе першай кнізе «Падказкі ў казках доктара Компі». Новая кніга — гэта аповесьць-казка пра Мараша, маленькага ведуна з суседняга сусьвету, і пра дзесяцігадовых Сьветку і Віцьку зь Менску. Іх неверагодныя і захапляльныя прыгоды пачаліся тады,
калі Мараш нечакана зьявіўся ў пакойчыку Сьветкі, шукаючы Чарадзейны Крышталь…

Нон-фікшн

Вячаслаў Ракіцкі. «Беларускі тэатар на скрыжаваньнях лёсаў і эпох». Менск, «Янушкевіч».

Імя аўтара добра вядомае кожнаму, хто цікавіцца тэатрам у Беларусі. У выданьні сабраныя матэрыялы больш чым саракагадовай руплівай дзейнасьці Вячаслава Ракіцкага ў галіне тэатразнаўства і тэатральнай крытыкі. Ягоная новая кніга — гэта фаліянт з 520 старонак у вялікім фармаце, сапраўдны фундамэнтальны збор, без якога вывучэньне ці нават проста азнаямленьне з фэномэнам сучаснага беларускага тэатра будзе цяпер немагчымым.

Падзеі

5 траўня — абвяшчэньне кароткага сьпісу прэміі Натальлі Арсеньневай.

6 траўня — лекцыя гісторыка і паэта Антона Рудака «З гісторыі менскага падпольля». Антон распавядзе, як падпольшчыкі змагаліся з акупантамі ў Менску, як зарадзіўся гэты рух, а таксама пачытае свае вершы, якія былі напісаныя па матывах ваенных падзеяў. Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. 19–00.

19 траўня — онлайн-прэзэнтацыя новай кніжнай сэрыі Gradus і кнігі «Адвечным шляхам» Ігната Абдзіраловіча з удзелам Марыі Мартысевіч і Андрэя Антонава. 19.00.

20 траўня — уручэньне прэміі Натальлі Арсеньневай за найлепшую паэтычную кнігу, напісаную на беларускай мове. Онлайн. 19.00.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG