Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Францыі затрымалі чальцоў «Чырвоных брыгад». Іх хочуць выдаць Італіі


Француская паліцыя
Француская паліцыя

У Францыі паліцыя затрымала семярых чальцоў леварадыкальнай італьянскай арганізацыі «Чырвоныя брыгады», якая дзейнічала ў 1970–1980-х гадах.

У Італіі іх абвінавачваюць ва ўчыненьні тэрактаў, забойствах прадстаўнікоў сілавых органаў і ў спробах забойства. Трое з затрыманых — Джорджыё П'етрастэфані, Марына Пэтрэлі і Рабэрта Капэля — раней былі асуджаныя ў Італіі.

П'етрастэфані асудзілі на 22 гады за забойства начальніка паліцыі Міляна Люіджы Калябрэзі ў 1972 годзе. У 1999 годзе, падчас перагляду справы, ён уцёк у Францыю.

Капэля і Пэтрэлі змаглі зьехаць да таго, як італьянскі суд прысудзіў ім пажыцьцёвае зьняволеньне за забойства паліцыянта ў 1980 годзе, выкраданьне супрацоўніка Міністэрства юстыцыі Італіі, а таксама сэрыю нападаў на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

Адзначаецца, што доўгія гады Францыя адмаўляла Італіі ў экстрадыцыі чальцоў «Чырвоных брыгад», бо ў 1985 годзе прэзыдэнт Франсуа Мітэран выдаў указ, згодна зь якім былыя ўдзельнікі леварадыкальнай арганізацыі фактычна атрымалі прытулак. Цяпер рашэньне аб іх экстрадыцыі разгледзіць францускі суд. У Міністэрстве юстыцыі Італіі спадзяюцца на хутчэйшы разгляд справы, бо тэрміны даўнасьці па многіх злачынствах мінаюць.

У студзені 2019 году баевіка «Чырвоных брыгад», 64-гадовага Чэзарэ Батысьці, выдала Італіі Балівія. На радзіме Батыста быў завочна асуджаны да пажыцьцёвага зьняволеньня па абвінавачаньні ў чатырох ідэалягічна матываваных забойствах, учыненых з 1977 па 1979 год, — у прыватнасьці, яму інкрымінуецца забойства аднаго з найбуйнейшых ювэліраў краіны таго часу П'ерлюіджы Тарэджані. Сам асуджаны прызнае, што ўваходзіў ва ўзброеную групоўку, але сьцьвярджае, што нікога не забіваў. Ён лічыць, што стаў ахвярай палітычна матываванага перасьледу ў Італіі.

«Чырвоныя брыгады» — арганізацыя, якая аб’ядноўвала леварадыкальныя сілы Італіі з 1970 па 1988 год і змагалася (у тым ліку гвалтоўнымі мэтадамі) як з прадстаўнікамі кіруючых вярхоў, так і зь іншымі такімі ж радыкальнымі ўльтраправымі групоўкамі. У пэрыяд росквіту арганізацыі ў яе ўваходзілі каля 25 тысяч чалавек.

У ліку самых гучных акцый «Чырвоных брыгад» — выкраданьне і забойства былога прэмʼер-міністра Італіі, старшыні Хрысьціянска-дэмакратычнай партыі Альда Мора вясной 1978 году (таксама былі забітыя пяць яго целаахоўнікаў) і выкраданьне ў сьнежні 1981 году намесьніка начальніка штабу сухапутных войскаў NATO ў паўднёвай Эўропе амэрыканскага генэрала Джэймса Лі Дазіэра, які быў вызвалены праз 42 дні ў выніку апэрацыі італьянскіх спэцслужбаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG