Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кітай запусьціў у космас асноўны модуль новай арбітальнай станцыі


Кітайская нацыянальная касьмічная ўправа вывела на арбіту асноўны модуль новай арбітальнай станцыі «Т'яньгун» («Нябесны палац»).

Пра гэта паведамляецца на сайце арганізацыі. Будаўніцтва станцыі плянуецца скончыць за два гады, чакаецца, што яна адпрацуе 10–15 гадоў. У гэтым выпадку яна можа перажыць на арбіце Міжнародную касьмічную станцыю.

Модуль «Т'яньхэ» («Млечны шлях») быў выведзены цяжкай ракетай-носьбітам «Чанчжэн-5Б» з касмадрома з курортнага вострава Хайнань на поўдні Кітаю. У ім жылыя памяшканьні для трох тайканаўтаў, сыстэмы жыцьцезабесьпячэньня, кіраваньня, навігацыі і руху станцыі. Мяркуецца, што на працягу двух гадоў да яго будуць далучаныя два лябараторныя модулі. Тады агульная маса станцыі дасягне ста тонаў.

Акрамя кітайцаў, палёты на яе плянуе арганізаваць Эўрапейскае касьмічнае агенцтва. Станцыя разьлічана для працы на нізкай каляземнай арбіце на вышыні ад 340 да 450 кілямэтраў. Для параўнаньня, палёт Юрыя Гагарына адбываўся на арбіце ў 181–327 км.


Першы кітайскі экіпаж на станцыю плянуецца даставіць ужо ў чэрвені. У выпадку посьпеху праграмы «Т'яньгун» стане трэцяй у сьвеце шматмодульнай стала пілятаванай касьмічнай станцыяй пасьля савецкага «Міру» і Міжнароднай касьмічнай станцыі.

У выпадку посьпеху кітайскага праекту станцыя можа аказацца адзінай на каляземнай арбіце пасьля 2025 году. Тэрмін эксплюатацыі МКС заканчваецца ў 2024 годзе. Нягледзячы на тое, што ён можа быць падоўжаны да 2030 году, расейскі бок усё часьцей паведамляе пра гатоўнасьць выйсьці з праекту.

Тады расейскія касманаўты павінны будуць, па задуме чыноўнікаў, пасьля МКС лётаць на станцыю РАСС. Стварыць нацыянальную станцыю Расея спачатку плянавала да 2023 году, аднак пазьней такая станцыя не ўвайшла ў Фэдэральную касьмічную праграму. Праект пакуль існуе толькі на паперы, свае пляны па даробцы нацыянальнага сэгмэнта МКС Раскосмасу выканаць не ўдалося, у тым ліку з прычыны недафінансаваньня.

Амэрыканскае касьмічнае агенцтва, у сваю чаргу, разглядае магчымасьць падтрымкі прыватнай арбітальнай станцыі пасьля завяршэньня працы МКС. Асноўным прэтэндэнтам на яе будаўніцтва цяпер лічыцца прыватная кампанія Axiom Space, створаная выхадцамі з НАСА. Аднак праект цяпер на раньніх стадыях распрацоўкі і фінансаваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG