Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Інтэрвію Сьвятланы Ціханоўскай баранавіцкай газэце Intex-press прызналі экстрэмісцкім матэрыялам


Рэдактар і выдавец Intex-Press Уладзімер Янукевіч

Таксама экстрэмісцкім суд прызнаў відэазапіс інтэрвію. Рашэньне накіравалі ў Міністэрства інфармацыі, якое ўключыць інтэрвію і відэазапіс у Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай, апублікаванае ў газэце Intex-press, а таксама яго відэазапіс прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі. З адпаведным пазовам у суд зьвярталася пракуратура Баранавіцкага раёну.

Пракуратура пасьля праверкі прыйшла да высновы, што ў інтэрвію «ўтрымлівалася інфармацыя, накіраваная на распальваньне ў грамадзтве палітычнай, ідэалягічнай, сацыяльнай варажнечы».

Напярэдадні за распаўсюд інтэрвію ў сваім СМІ заснавальніка і выдаўца газэты Intex-press Уладзімера Янукевіча пакаралі штрафам па ч.5 ст.23.5 КаАП у памеры 580 рублёў. Баранавіцкі міжраённы пракурор вынес афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці паўторнага парушэньня «Закону аб СМІ».

Неўзабаве пасьля гэтага «Белпошта» не ўключыла баранавіцкае выданьне ў падпісны каталёг на другое паўгодзьдзе 2021 году.

Аўтарку інтэрвію Людмілу Сьцяцко дзьве гадзіны апытваў маёр міліцыі «ў рамках праверкі па крымінальнай справе», паведаміла БАЖ.

У пратаколе справы супраць Янукевіча гаворыцца, што ў інтэрвію Сьвятлана Ціханоўская «дыскрэдытуе і ставіць пад сумнеў легітымнасьць дзейнага прэзыдэнта», указваючы на тое, што выбары былі сфальсыфікаваныя Лукашэнкам, расказвае пра стварэньне Каардынацыйнай Рады, мэнтарскія праграмы, адданьне ўвагі страйкамам, прафсаюзам, а таксама пра мэту правесьці новыя выбары.

У інтэрвію Ціханоўская акцэнтавала ўвагу на незаконнасьці дзеяньняў праваахоўных органаў па затрыманьнях грамадзян, заклікала жыхароў Баранавіч і іншых рэгіёнаў краіны «не здавацца і працягваць змагацца ўсякімі даступнымі спосабамі» зь дзейнай уладай.

Апублікаваны ў газэце артыкул, а таксама разьмешчаны на сайце тэкст інтэрвію са Сьвятланай Ціханоўскай і яго відэазапіс суд прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі. Копію рашэньня накіравалі ў Міністэрства інфармацыі для ўключэньня ў рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў, абмежаваньня доступу да інтэрнэт-сайту за парушэньне парадку выкарыстаньня рэсурсу і разьмяшчэньня на ім інфармацыі, распаўсюд якой забаронены заканадаўствам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG