Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12-гадовы падлетак выратаваў свайго малодшага брата ад пажару на Мядзельшчыне

абноўлена

Фота з пажару 28 красавіка

Малодшы брат не пацярпеў, а падлетка шпіталізавалі, ён у вельмі цяжкім стане.

28 красавіка ў 19:56 на пульт дыспэтчарскай службы МНС паступіла паведамленьне аб пажары ў вёсцы Сідаравічы Мядзельскага раёну. Адкрытым полымем гарэў аднапавярховы драўляны дом.

У момант загараньня ў доме знаходзіліся двое дзяцей — 2009 і 2019 гадоў нараджэньня. Яшчэ адно дзіця было ў суседзяў, а бацькі дома адсутнічалі.

Яшчэ да прыбыцьця ратавальнікаў 12-гадовы падлетак вынес свайго малодшага брата з агню. Адзін зь відавочцаў, падбегшы да дома, убачыў, як хлопчык трымае на руках дзіця. На твары і руках у яго, акрамя апёкаў, былі парэзы, а акно ў кухні было разьбіта. Відавочца забраў дзіця з рук хлопчыка, пасьля чаго той страціў прытомнасьць.

Брыгада хуткай дапамогі шпіталізавала падлетка з апёкамі рознай ступені цяжкасьці і парэзамі рук. Стан хлопца ацэньваецца як вельмі цяжкі. Па 16-й гадзіне 29 красавіка яго на верталёце перавезьлі зь Мядзела ў Менск.

Малодшы брат не пацярпеў, паведаміла БелТА.

Пажар ліквідавалі ратавальнікі. Агонь зьнішчыў дах, маёмасьць, пашкодзіў сьцены дома. Прычына здарэньня высьвятляецца.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG