Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэфэрэндум па Канстытуцыі: выбарчая скрыня Пандоры. Дыскусія аналітыкаў


Ці прынятае канчатковае рашэньне правесьці ў пачатку 2022 году рэфэрэндум па Канстытуцыі? Якія палажэньні Канстытуцыі ўлада хацела б памяняць — праз рэфэрэндум ці іншым шляхам? Якой можа быць рэакцыя грамадзтва на зьмену Канстытуцыі?

Гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць палітолягі Валерыя Касьцюгова і Валер Карбалевіч.

Карбалевіч

  • Лукашэнка абвяшчаў, што ў пачатку 2022 году будзе рэфэрэндум па Канстытуцыі
  • Ён пачаў рэформу пад ціскам Масквы
  • Разьядноўваць мясцовыя выбары і рэфэрэндум для Лукашэнкі больш небясьпечна, чым абʼядноўваць
  • Апанэнты ўлады могуць заклікаць да байкоту рэфэрэндуму аб Канстытуцыі
Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч
  • Лукашэнка можа правесьці рэфэрэндум так, каб людзі за новую Канстытуцыю не прагаласавалі. І тады застаецца дзейная Канстытуцыя і яго паўнамоцтвы працягваюцца да наступных выбараў у 2025 годзе
  • Але гэта складаная гульня, а Лукашэнка такіх гульняў ня любіць
  • Лукашэнка сьпяшаецца, хоча падпісаць дэкрэт аб Радзе бясьпекі, не чакаючы канстытуцыйнага рэфэрэндуму. Выглядае, што ён сапраўды верыць у змову і пераварот
  • Але калі гэта адбудзецца, то насамрэч плян Лукашэнкі адкрые скрыню Пандоры
  • Калі Канстытуцыя ня будзе дзейнічаць, то тады кожны будзе цягнуць коўдру на сябе і неабавязкова, што рашэньні будуць прымацца галасаваньнем у Радзе бясьпекі
  • Гэта супярэчыць таму, што Лукашэнка казаў дзесяцігодзьдзямі — што ў краіне павінен быць адзін гаспадар, адзін «ствол»
  • Прэзыдэнцкія выбары ў масавых уяўленьнях — гэта тое, што можа зьмяніць рэальную ўладу. Ані мясцовыя выбары, ані рэфэрэндум па Канстытуцыі такімі не зьяўляюцца
  • Зь іншага боку, грамадзтва застаецца палітызаваным, наэлектрызаваным
  • Таму для ўлады любая электаральная кампанія — гэта хаджэньне па мінным полі

Касьцюгова

  • Шанцы на правядзеньне рэфэрэндуму па Канстытуцыі разам зь мясцовымі выбарамі невялікія
  • Кампанію выбараў у мясцовыя саветы ўлада яшчэ мае магчымасьць правесьці, абвясьціўшы экстрэмістамі ўсіх палітычна актыўных грамадзянаў
  • Калі сумясьціць рэфэрэндум з выбарамі, людзі абавязкова прыйдуць да выбарчых скрыняў
  • Да чаго прыводзіць масавы ўдзел людзей у палітыцы, мы бачылі ў 2020 годзе
Валерыя Касьцюгова
Валерыя Касьцюгова
  • Лукашэнка можа перадумаць і вырашыць, што пакуль не прыйшоў час для рэфэрэндуму
  • Ён кіруецца прынцыпам — калі не працуе, не чапай. Бо, барані Бог, запрацуе
  • Плянаваны дэкрэт Лукашэнкі аб пераразьмеркаваньні паўнамоцтваў на карысьць Рады бясьпекі дазволіць не мяняць Канстытуцыю, гэта гарантыі Расеі і кіроўнай клясе
  • Я адсочвала інтэрвію розных афіцыйных асобаў пра тое, што менавіта трэба памяняць у Канстытуцыі на іх погляд
  • Пераважная большасьць гэтых асобаў ніякіх зьменаў у Канстытуцыю ўносіць ня хоча
  • Ёсьць лябісты падвышэньня ролі партыяў. Але Лукашэнка неаднойчы гаварыў, што ён катэгарычна супраць гэтага
  • Ён не прымае ніякіх сутнасных зьменаў у Канстытуцыю
  • Паводле дэкрэту Лукашэнкі, улада пераходзіць да Рады бясьпекі толькі на час надзвычайнага становішча пасьля яго раптоўнага, гвалтоўнага сыходу
  • Самымі матывуючымі фактарамі зьяўляюцца вера і надзея, гэта паказалі леташнія падзеі
  • Самі па сабе мясцовыя выбары ня стануць такім матывуючым фактарам
  • Рэфэрэндум па Канстытуцыі можа стаць такім фактарам

***

Рэфэрэндум аб папраўках у Канстытуцыю плянуецца на студзень-люты 2022 году, заявіла кіраўніца Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына агенцтву «РИА Новости». Яна дадала, што правядзеньне рэфэрэндуму сёлета ў канцы лета ці пачатку восені не абмяркоўваецца.

«Рэфэрэндум пройдзе ў тыя тэрміны, якія абазначыў прэзыдэнт на Ўсебеларускім сходзе, у студзені-лютым наступнага году. Па сутнасьці, калі гаварыць пра студзень і пра сумяшчэньне зь мясцовымі выбарамі, то тут іншай даты, апроч крайняй, няма, а крайняя дата — 16 студзеня», — сказала Ярмошына.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG