Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крэмль пракамэнтаваў словы дарадцы Пуціна, што «выбары ў Беларусі скончыліся ў 1994 годзе»

Валянцін Юмашаў
Валянцін Юмашаў

Прэс-сакратар расейскага прэзыдэнта Дзьмітрый Пяскоў адрэагаваў на словы дарадцы Пуціна на грамадзкіх пачатках Валянціна Юмашава пра Беларусь.

У інтэрвію выданьню Forbes Юмашаў, які ў 1990-я гады кіраваў адміністрацыяй Барыса Ельцына, згадаў пра небясьпеку прыходу да ўлады камуніста Зюганава і прывёў прыклад падзеяў у Беларусі.

«Але ў нас ёсць выдатны прыклад Беларусі. У 1994 годзе на выбарах перамагае Лукашэнка. І пасьля гэтага ў Беларусі выбары скончыліся. Праз 26 гадоў народ азьвярэў і выйшаў на вуліцы». — сказаў Юмашаў.

Сёньня ў Крамлі заявілі, што ацэнкі дарадцы прэзыдэнта Расеі пра сытуацыю ў Беларусі ня маюць дачыненьня да афіцыйнай пазыцыі ўладаў Расеі.

«Гэта ніякім чынам ня мае ніякага дачыненьня да пункту гледжаньня прэзыдэнта і да афіцыйнай пазыцыі Расеі», — заявіў Пяскоў.

Валянцін Юмашаў быў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Барыса Ельцына з сакавіка 1997 па сьнежань 1998 года. Цяпер ён зьяўляецца дарадцам прэзыдэнта на грамадзкіх пачатках і займаецца бізнэсам.

XS
SM
MD
LG