Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гурт J:Морс выпусьціў песьню да гадавіны Чарнобылю, у якой параўновае 1986 год з 2020-м. ВІДЭА


Лідэр гурту J:Морс Ўладзімер Пугач. Архіўнае фота.
Лідэр гурту J:Морс Ўладзімер Пугач. Архіўнае фота.

Песьня ўжо даступная на ўсіх лічбавых пляцоўках.

«Тэхнагенныя катастрофы зьмяняюцца сацыяльнымі ўзрушэньнямі, а мы ўсё гэтак жа з жахам вызіраем у вокны, турбуемся за блізкіх і ня сьпім, перажываем боль стратаў, баімся невядомасьці і спадзяёмся на лепшае», — кажа лідэр гурту Ўладзімер Пугач з нагоды новай песьні.

Раней на Горадзеншчыне адмянілі ўсе травеньскія канцэрты гурту J:Морс, які запісаў песьню аб пратэстах 2020 году. Пра гэта паведаміў лідэр рок-гурту Ўладзімер Пугач:

«Усе тры канцэрты ў Горадзенскай вобласьці, анансаваныя ў траўні, адмененыя. Адразу на некалькіх пляцоўках узьніклі „тэхнічныя прычыны“, і яшчэ на адной — успышка каранавірусу. Усюды прамоўтэры — прыватныя кампаніі. Разумеем, што ў іх і выбару, хутчэй за ўсё, не было. Дзякуй, што паспрабавалі».

Гурт пасьпеў адыграць канцэрты ў падтрымку новага альбома ў Менску і ў Магілёве.

«Але наша пазыцыя нязьменная. Будзем спрабаваць і далей пры першай жа магчымасьці граць для вас. Важна верыць, што гэта наша з вамі краіна ўжо цяпер, сёньня. Мы ў ёй жылі, жывём і будзем жыць. Калі мы самі ў гэта ня будзем верыць, нікога ня зможам пераканаць. Рана ці позна ў нас атрымаецца», — кажа сьпявак.

У чэрвені 2020 году лідэр гурту J:Морс Уладзімер Пугач публічна выказаўся пра палітычную сытуацыю ў Беларусі, адзначаючы, што адчувае «гішпанскі сорам за тое, як у Беларусі дзяржава бесцырымонна і сьпехам ліквідуе палітычных канкурэнтаў», адчувае сябе абражаным, калі яго «называюць „народцам“ і зьневажаюць беларускіх жанчын», і злуецца ад беспрычынных затрыманьняў і рэпрэсіяў супраць пратэстоўцаў. Таксама ён выказаўся ў падтрымку рэфэрэндуму за Канстытуцыю 1994 году, прапанаванага патэнцыйным кандыдатам на прэзыдэнта Віктарам Бабарыкам.

У жніўні Ўладзімер Пугач увайшоў у асноўны склад Каардынацыйнай рады, а гурт J:Морс мусіў быць адным з хэдлайнэраў вялікага перадвыбарчага мітынгу-канцэрту Ціханоўскай 6 жніўня ў Менску, але канцэрту не далі адбыцца.

У верасьні J:Морс выпусьціў песьню «Даруй», прысьвечаную пратэстам пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Пасьля гэтага гурту адмянілі канцэрты ў Маладэчне і ў Менску. Афіцыйна — у сувязі з каранавірусам і «тэхнічнымі прычынамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG