Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Начытаюся навінаў і не магу стрымаць выбуху эмоцый». За допісы ў тэлеграм-чаце пра Лукашэнку судзяць былую швачку зь Бешанковіч


Вольга Насыр на судзе
Вольга Насыр на судзе

На лаве падсудных у Першамайскім раённым судзе Менску апынулася 30-гадовая Вольга Насыр зь Бешанковіч. Жанчыну абвінавачваюць у публічнай абразе Аляксандра Лукашэнкі праз допісы ў тэлеграм-канале «Мінск-97».

Ёй пагражае 2 гады зьняволеньня за допісы, у якіх згадваюцца вусы Лукашэнкі, ёсьць параўнаньне яго з казуркай ды ўжытыя эпітэты і цэлыя выразы, якія сьледзтва палічыла абразьлівымі.

Ці прызнае падсудная віну?

Паводле сьледзтва, Вольга Насыр разьмяшчала свае допісы, «маючы злачынны намер на абразу прэзыдэнта А. Г. Лукашэнкі». Вольга Насыр віну прызнала, але патлумачыла, што загадзя ня мела мэты кагосьці абражаць. Паводле падсуднай, часам ёй проста не ўдавалася стрымаць эмоцыі, і яна вылівала іх у чаце «Мінск-97», на які была падпісаная.

«Як начытаюся навінаў, нахлынуць эмоцыі, проста нейкі выбух нэгатыву, вось і ня стрымлівалася. Цяпер шкадую, трэба было лепш адбіраць выразы», — патлумачыла свае дзеяньні суду Вольга Насыр. Паводле падсуднай, сытуацыі, калі ёй не ўдавалася стрымацца, пачалі ўзьнікаць у верасьні і паўтараліся ў наступныя месяцы.

«Ён жа называе людзей прастытуткамі і алькаголікамі»

Цяпер Вольга Насыр жыве Менску, яна пад падпіскай аб нявыезьдзе. У перапынку паміж паседжаньнямі суду зь ёй удалося пагаварыць. Якія навіны гэтак даймалі жанчыну, што яна пачала камэнтаваць іх у чаце?

«Навіны пра тое, што пачалося пасьля выбараў, пра гэты кашмар. Яшчэ як ён што скажа. Людзей ён можа зьневажаць, называць прастытуткамі, алькаголікамі і наркаманамі — гэта таксама абурала», — расказала Вольга.

У чаце Вольга падпісвалася нікам «алькагалічка». «Якраз з прычыны ягоных параўнаньняў на адрас пратэстоўцаў», — патлумачыла Вольга.

Як міліцыянты яе вылічылі, Вольга Насыр не ўяўляе. У матэрыялах справы, якія агучваў судзьдзя Максім Трусевіч, ёсьць дакумэнт, паводле якога супрацоўнік «аналізаваў допісы ў чаце «Мінск-97» і ў выніку адабраў тыя зь іх за подпісам «алькагалічка», якія яму падаліся абразьлівымі. Далей было высьветлена, зь якога мабільнага тэлефона накіраваныя гэтыя допісы ў чат. Як удалося гэта зрабіць, не прагучала.

Жанчыну затрымалі 22 студзеня. «У Менску я знайшла працу. Дык прыйшлі проста туды, а потым амаль дзень трымалі ў міліцыі і яшчэ два дні на Акрэсьціна. Дома быў вобшук, забралі сьцяг з „Пагоняй“, налепкі, ноўтбук. Паскардзіцца на ўмовы ў ізалятары ці дрэннае абыходжаньне збольшага не магу», — расказала Вольга Насыр.

У Вольгі Насыр 9-гадовае дзіця, яно засталося ў Бешанковічах пад наглядам сваякоў. Вольга кажа, што мусіла зьехаць у Менск, бо ў Бешанковічах альбо зусім няма працы, альбо «плацяць капейкі».

«Працавала швачкай за 300 рублёў. Хіба на іх можна ўдваіх пражыць, нават у райцэнтры? У Менску хоць зарабляю 700 чыстымі», — расказала Вольга.

Сьледзтва не знайшло ў выказваньнях Вольгі Насыр ні пагроз на адрас Лукашэнкі, ні заклікаў да гвалту — толькі абразы. Прадстаўніца пракуратуры лічыць магчымым улічыць станоўчую характарыстыку падсуднай з працы і прасіла для яе 1 год «хатняй хіміі». Прысуд Вользе Насыр абвесьцяць 23 красавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG