Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апэляцыйны суд Беластоку зацьвердзіў вырак палякам, якія пабілі і абразілі беларусаў


Беласток, ілюстрацыйнае фота
Беласток, ілюстрацыйнае фота

22 красавіка ў Беластоку завяршыўся апэляцыйны працэс у справе над мясцовымі мужчынамі, якіх абвінавацілі ў фізычным гвалце і абразе беларусаў паводле нацыянальнай прыналежнасьці.

Трох грамадзян Польшчы суд першай інстанцыі пакараў абмежаваньнем волі (грамадзкімі працамі), а таксама абавязаў іх сплаціць кампэнсацыю пацярпелым. Двое з асуджаных падалі апэляцыю.

Паводле Польскага агенцтва навінаў (РАР), інцыдэнт здарыўся ў жніўні 2019 году на стаянцы і ў рэгістратуры аднаго з гатэляў Беластоку. Нападнікаў было трое, яны абражалі, штурхалі, білі, у тым ліку па тварах, дваіх пастаяльцаў-беларусаў. «Ідзіце дадому, гэта ня ваш горад!» — дадавалі ўсьлед.

Суд першай інстанцыі прызнаў траіх вінаватымі ў нападзе паводле матыву нацыянальнай нецярпімасьці і прысудзіў ім 1,5 года абмежаваньня волі — грамадзкіх працаў па 30 гадзін кожнаму штомесяц. Яны таксама павінны сплаціць двум беларусам 6000 злотых кампэнсацыі.

Абаронцы патрабавалі апраўдаць іх або зьмяніць абмежаваньне волі на штраф. Адвакаты адмаўлялі, што абвінавачаныя агучвалі ў дачыненьні да беларусаў словы, якія можна расцаніць як расісцкія, дыскрымінацыйныя альбо абразьлівыя паводле нацыянальнай прыналежнасьці.

Апэляцыйны суд Беластоку пакінуў рашэньне суду першай інстанцыі нязьменным. У вусным абгрунтаваньні свайго рашэньня судзьдзя падкрэсьліла, што нацыянальны матыў нападу не выклікае сумневу:

«Калі б ня той факт, што гэтыя людзі размаўлялі адзін з адным на расейскай мове, здарэньне не адбылося б. Гэта вынікае з ацэнкі доказаў, у тым ліку паказаньняў пацярпелых», — цытуе судзьдзю радыё «Беласток».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG