Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Чэхіі прыгразіла выслаць амаль усіх расейскіх дыпляматаў, калі ў Маскву ня вернуць высланых чэскіх


Міністар замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк

Новапрызначаны міністар замежных спраў Чэхіі Якуб Кулганэк запатрабаваў, каб Расея да 12:00 чацьвярга вярнула ў амбасаду ў Маскве ўсіх высланых чэскіх дыпляматаў. У выпадку, калі гэтага ня будзе зроблена, чэскія ўлады скароцяць колькасьць супрацоўнікаў амбасады РФ у Празе да пяці чалавек, прыгразіў міністар.

Прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава ў адказ заявіла, што заўтра «размова з паслом Чэхіі будзе працягнутая ў МЗС Расеі». «Прапануем Празе пакінуць ультыматумы для зносін у межах NATO», — прыводзіць словы Захаравай агенцтва «Новости».

Расея выслала з Масквы 20 супрацоўнікаў амбасады Чэхіі. Гэта быў адказ на высылку з Прагі 18 расейскіх дыпляматаў пасьля таго, як чэскі ўрад заявіў аб датычнасьці расейскага ГРУ да выбухаў на складзе боепрыпасаў у вёсцы Вэрбеціцы ў 2014 годзе. Гэтую дывэрсійную апэрацыю, паводле чэскага МЗС і спэцслужбаў, курыравалі супрацоўнікі расейскіх спэцслужбаў у амбасадзе РФ у Празе, якія выкарыстоўвалі дыпляматычнае прыкрыцьцё.

Пасьля высылкі чэскіх дыпляматаў з Масквы, там засталося толькі пяць супрацоўнікаў. З 19 красавіка амбасада Чэхіі ў Маскве афіцыйна закрытая. У той жа час у расейскай амбасадзе ў Празе агулам працавала каля 130 чалавек, у тым ліку 43 дыпляматы. Цяпер дыпляматаў застаецца больш за 20.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG