Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму зь Беларусі забаранілі вывозіць крупы. Разьбіраемся


15 красавіка ўлады ўвялі часовую забарону на вываз зь Беларусі злакаў: пшаніцы, жыта, кукурузы і грэчкі. Глядзім, з чым гэта можа быць зьвязана.

Цягам трох месяцаў зь Беларусі нельга вывозіць злакі. Адпаведная пастанова Саўміну зьявілася 15 красавіка.

Гэта зьвязана «з патрэбамі жывёлагадоўлі», патлумачыў намесьнік міністра сельскай гаспадаркі Ўладзімір Гракун.

А раней злакі прадавалі за мяжу?

Паводле Белстату, летась грэчкі зь Беларусі за мяжу прадалі на 3,7 мільёна даляраў, пшаніцы — на 4,1 мільёна даляраў, кукурузы — на 1,4 мільёна даляраў, ячменю — на 3,8 мільёна даляраў. То бок на экспарце самых хадавых злакаў зарабілі 13 мільёнаў даляраў.

Чаму ж цяпер прадаваць злакі сталася нявыгадна?

«Адміністратыўныя меры ніколі не дапамагалі»

Такую забарону ўвялі, бо раней замарозілі цэны на прадукты, мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

«Шукаць сэнсу тут не выпадае. Гэта мера ў адказ на спробу зафіксаваць цэны. Усё зрабілі, каб цэны на гэтыя тавары на ўнутраным рынку не расьлі. Пры гэтым ніколі, у ніводнай краіне сьвету, ручное кіраваньне гандлем не дало эфэкту. Інфляцыя ў Беларусі за апошнія 10 гадоў — больш за 400%, гэта якраз у рэжыме татальнага рэгуляваньня цэнаў», — прыводзіць прыклад Яраслаў Раманчук.

«Гэта дэстабілізуе рынак»

Ад такіх абмежавальных мераў пацярпяць вытворцы злакаў, лічыць старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук.

«Гэта непазьбежна адаб’ецца на вытворцах. Тыя, хто стала працуе на гэтым рынку, маюць свае стратэгіі, у іх ёсьць партнэры, якія імгненна не зьяўляюцца, вытворцы выбудоўваюць доўгатэрміновую стратэгію», — кажа Аляксандар Ярашук.

На ягоную думку, улады робяць такія крокі, «каб пасьля сказаць людзям, што зрабілі ўсё, што маглі».

«Гэта каб паказаць нейкі клопат. Але такія меры працуюць роўна наадварот, зьяўляецца ажыятаж, калі людзі бачаць абмежаваньні. Людзі будуць больш набываць гэтых тавараў», — кажа Аляксандар Ярашук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG