Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Футбольная Супэрліга з эўрапейскімі топ-клюбамі развалілася адразу пасьля стварэньня


Стварэньне эўрапейскай футбольнай Супэрлігі прыпынена праз двое сутак пасьля абвесткі пра яе стварэньне. Гэта здарылася пасьля таго, як аб выхадзе з праекту заявілі ангельскія каманды. Віцэ-прэзыдэнт праекту прызнаў, што бяз клюбаў з Ангельшчыны праект не адбудзецца.

Пра запуск новага клюбнага турніру абвясьцілі ў ноч на 19 красавіка. Спаборніцтва мелася замяніць для топ-клюбаў футбольную Лігу чэмпіёнаў. Меркавалася, што самыя папулярныя каманды Эўропы будуць гуляць адна з адной больш міжнародных матчаў за сэзон, што дазволіць ім зарабляць больш, чым у цяперашнім клюбным турніры.

Меркавалася, што ў лізе будуць гуляць самыя тытуляваныя каманды Ангельшчыны, Гішпаніі і Італіі. Першапачатковы склад турніру сабраў клюбы, якія 208 разоў выйгравалі свае нацыянальныя чэмпіянаты і 40 разоў — Лігу чэмпіёнаў. У тым ліку ў праекце меліся ўдзельнічаць самы тытуляваны клюб плянэты — мадрыдзкі «Рэал», «Барсэлёна», дзе гуляе адзін з двух самых тытуляваных сучасных футбалістаў — Ліянэль Мэсі, і «Ювэнтус», дзе гуляе другі такі футбаліст — Крыштыяну Раналду.

Пляны камандаў выклікалі рэзкую крытыку Саюзу эўрапейскіх футбольных асацыяцыяў, нацыянальных чэмпіянатаў і заўзятараў. УЭФА прыстрашыла выключыць з усіх турніраў удзельнікаў Супэрлігі. Спартовая прэса паведамляла, што супраць праекту выступілі многія футбалісты камандаў, якія заявіліся ў турніры.

У аўторак у Лёндане прайшлі акцыі пратэсту заўзятараў, якія заклікалі футбольны клюб «Чэлсі» адмовіцца ад выступу ў Супэрлізе. Пасьля гэтага ад удзелу адмовіліся ўсе шэсьць камандаў з краіны, якія пагадзіліся раней — улучна зь дзейным чэмпіёнам «Лівэрпулем» і камандай, якая захоўвае лідэрства ў нацыянальным чэмпіянаце, — «Манчэстэр Сіці».

Віцэ-прэзыдэнт праекту, прэзыдэнт італьянскага «Ювэнтусу» Андрэа Ан’елі прызнаў, што бяз клюбаў з Ангельшчыны праект не адбудзецца, — перадае Sky Sports. У складзе турніру, паводле стану на вечар серады, фармальна засталіся толькі чатыры заснавальнікі з дванаццаці: «Рэал», «Барсэлёна», «Ювэнтус» і «Мілян».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG