Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Заставайцеся ў палітыцы і ня лезьце ў спорт». Леўчанка адказала намесьніку кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі


Алена Леўчанка падчас гульні, архіўнае фота

Найлепшая беларуская баскетбалістка Алена Леўчанка адказала старшыні Беларускай фэдэрацыі баскетболу Максіму Рыжанкову, які раскрытыкаваў экс-капітана нацыянальнай зборнай Кацярыну Сныціну.

Кацярына Сныціна заявіла, што пакідае зборную Беларусі, бо ня хоча выступаць за краіну, у якой народ «зазнае катаваньні і рэпрэсіі».

Першы намесьнік кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі і па сумяшчальніцтве старшыня Беларускай фэдэрацыі баскетболу Максім Рыжанкоў за гэта раскрытыкаваў спартоўку.

«Глыбока расчараваны яе дзеяньнямі. Як капітан яна павінна была ўзважана і разумна падыходзіць да выказваньняў на палітычныя пытаньні, разумець, як гэта можа адбіцца на зборнай. Мая пазыцыя такая: пакладзі мандат, і тады ты вольныя ў выказваньні сваіх поглядаў».

За калегу заступілася іншая вядомая баскетбалістка Алена Леўчанка. Як напісала яна ў інстаграме, «спорту па-за палітыкай прысьвячаецца».

«Вы, спадар Рыжанкоў, развалілі жаночы баскетбол! Мэдалі заваёўваліся яшчэ да вас і ў сусьветнай эліце мы апынуліся таксама да вас. А што зрабілі вы? Вы ніколі не гулялі ў баскетбол, але занялі пасаду кіраўніка фэдэрацыі і сталі затыкаць раты нязгодным. Нацыянальная зборная ня выйшла з групы ў двух апошніх чэмпіянатах Эўропы, не адабралася на чэмпіянат сьвету і на Алімпіяду. Звольнілі Буяльскага, бо ён нібыта не абнаўляў зборную. Прайшло 5 гадоў, і што ж змянілася? Нічога! І калі вы загаварылі пра „расчараваньне“ ў Каці Сныцінай і Ягору Мешчаракову, скажу шчыра: адзінае расчараваньне ў гэтай гісторыі — гэта вы».

Выказваць уласную пазыцыю — права кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, гарантаванае Канстытуцыяй, піша далей Алена Леўчанка. Капітан зборнай, дырэктар лазьні, рабочы ці банкір — кожны мае права на погляды.

«Аднак гэтая сыстэма хоча зрабіць нас рабамі. Таму што вам зручныя пакорлівыя, маўклівыя спартоўцы, якія стукаюць мячамі, ходзяць на „ўсенародныя сходы“, ківаюць і падпісваюць праўладныя лісты. Сапраўдны камандны дух, які вы згадваеце, грунтуецца не на гэтым. Камандны дух — гэта калі адзін гарой за другога. Таксама і фэдэрацыя мусіць падтрымаць і пастаяць за сваіх. Мяркуючы па вашых учынках, вы паняцьця ня маеце, што такое камандны дух. Затое любіце раздаваць парады. Тады дам добрую параду і вам: заставайцеся ў сваёй палітыцы і ня лезьце ў спорт. Гэта будзе самае лепшае, што вы можаце зрабіць для беларускага баскетболу», — падсумавала спартоўка.

Летась Алену Леўчанку за актыўную грамадзянскую пазыцыю затрымалі ў аэрапорце, асудзілі на 15 дзён адміністрацыйнага арышту, а паводле другога пратаколу яшчэ і да буйнога штрафу. Цяпер яна выступае за клюб «Панатынаікас» з Грэцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG