Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што расказалі сваякам адвакаты фігурантаў «справы аб перавароце і спробе ліквідацыі Лукашэнкі»

абноўлена

Рыгор Кастусёў, архіўнае фота

20 красавіка адвакаты сустракаюцца ў СІЗА КДБ з Рыгорам Кастусёвым, Аляксандрам Фядутам і Юрасём Зянковічам. Усіх іх затрымалі ў рамках справы аб меркаваным «замаху» на Аляксандра Лукашэнку і яго сям’ю.

Для старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва гэта першая сустрэча з адвакатам больш чым за тыдзень утрыманьня ў СІЗА КДБ. Аляксандра Фядуту і Юрася Зянковіча абаронцы здолелі наведаць раней.

Зяць Рыгора Кастусёва Зьміцер Антончык напісаў у Фэйсбуку з гэтай нагоды:

«Сёньня адвакат сустракаўся з Рыгорам Кастусёвым. Артыкул пацьвердзілі 357. Настрой у Рыгора нармалёвы. Здароўе ў норме. Больш інфармацыі не маю».

Як паведаміла Свабодзе Марына Шыбко, жонка Аляксандра Фядуты, сёньня адвакатка наведала Аляксандра ў СІЗА КДБ:

«Абвінавачваньне, як і было абвешчана — артыкул 357, частка 1 КК „Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу цi ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам“. Больш нічога па справе адвакатка не сказала, яна пад падпіскай аб неразгалошваньні. Саша нібыта нічога — трымаецца. Са здароўем нармальна. З серады мы зь ім разам чытаем Мандэльштама. (Аляксандар Фядута і Марына Шыбко дамаўляліся ў адзін час чытаць па памяці творы Мандэльштама, — Свабода). Што тычыцца заяваў па БТ, то для мяне гэта трызьненьне».

Артыкул 357 Крымінальнага кодэксу (Змова ці іншыя дзеяньні, учыненыя з мэтай захопу дзяржаўнай улады) прадугледжвае пакараньне да 12 год зьняволеньня.

Жонка Зянковіча Алена пра абвінавачваньне на адрас мужа: «У хлусьню Лукашэнкі я ня веру»

Алена Дзянісавец, жонка Юрыся Зянковіча, паведаміла, што на гэтым тыдні адвакат сустрэўся зь Юрасём у СІЗА КДБ.

«Абвінавачаньне Юрасю яшчэ не прад'яўленае. Ён у прымальным стане. Юрасю даюць лекі ад ціску. Нашая хата на Нарачы, набытая ўлетку, ускрытая і апячатаная пячаткамі КДБ. Думаю, туды ўжо нешта падкінулі, кшталту выбухоўкі ці патронаў. Не зьдзіўлюся, калі вырылі які-небудзь схрон ці пограб. Ад КДБ можна чакаць нечаканага.

У хлусьню Лукашэнкі я ня веру. Ён сам не заўсёды разумее, што кажа. Мне паведамілі, што затрымалі Юрася агенты беларускага КДБ, а не ФСБ. Пакуль больш камэнтаваць нічога не магу».

Рыгора Кастусёва затрымалі 12 красавіка ў Шклове і даставілі ў КДБ. На наступны дзень у Маскве беларускія спэцслужбы затрымалі палітоляга Аляксандра Фядуту і юрыста Юрася Зянковіча, які мае грамадзянствы Беларусі і ЗША.

Падчас суботніка 17 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў пра затрыманьне групы, якая нібыта «плянавала замах на яго і дзяцей», і зьвязаў яе са спэцслужбамі ЗША.

Празь дзень начальнік аддзелу сьледчага ўпраўленьня КДБ Канстанцін Бычак заявіў на тэлеканале АНТ, што пачата крымінальная справа на падставе арт. 357 КК (змова або іншыя дзеяньні з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам). Такіх спраў у гісторыі суверэннай Беларусі не было.

Санкцыя першай часткі гэтага артыкулу прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 8 да 12 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG