Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі фігурантаў «пінскай справы»: начальнік міліцыі даў загад «адкрыць агонь», справакаваў сутычку з пратэстоўцамі


У судзе, дзе разглядаецца справа аб «масавых беспарадках» у Пінску, архіўнае фота
У судзе, дзе разглядаецца справа аб «масавых беспарадках» у Пінску, архіўнае фота

13 красавіка ў ходзе судовага паседжаньня па справе аб «масавых беспарадках» у Пінску 9–10 жніўня прысутным паказалі відэафайл.

У ім сваякі і адвакаты фігурантаў пачулі, як у ходзе выцясьненьня сілавікамі пратэстоўцаў начальнік Пінскага ГАУС Дзьмітрый Каравякоўскі дае, сярод іншага, загад «адкрыць агонь». Пасьля гэтага пінчукі пачалі абараняцца.

Прысуд 14 фігурантам «пінскай справы» вынесуць 30 красавіка. Усіх іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў масавых беспарадках. Пракурор Міхаіл Дайнэка запатрабаваў для пінчукоў ад 5,5 да 6,5 гадоў пазбаўленьня волі. Палітзьняволеныя таксама павінны выплаціць сумарна 530 тысяч рублёў кампэнсацыі 109 міліцыянтам і чыноўнікам.

Што адбывалася ў Пінску ў ноч з 9 на 10 жніўня

9 жніўня ўвечары людзі прыйшлі да выбарчых участкаў, каб паглядзець на выніковыя пратаколы. Аднак сябры выбарчых камісій паведамілі, што ўжо перадалі вынікі ў Пінскі гарадзкі выканаўчы камітэт. Туды пасьля 20.00 і пачалі сьцягвацца грамадзяне. Асноўным матывам іх збору стала нязгода з вынікамі выбараў прэзыдэнта.

У той час падыход да будынку ўжо заблякавалі супрацоўнікі ГАУС і РАУС. Да пратэстоўцаў выйшаў начальнік гарадзкой міліцыі Дзьмітры Каравякоўскі. Ён заклікаў людзей разыходзіцца. Празь некаторы час Каравякоўскі прапанаваў вылучыць 5 дэлегатаў для перамоваў з кіраўніцтвам гораду, што ў выніку гараджане і зрабілі.

Чакаючы дэлегатаў, людзі стаялі мірна, пры гэтым спынялі тых, хто быў агрэсіўна настроены і пад узьдзеяньнем алькаголю. Да 00 гадзін 38 хвілін ніякіх агрэсіўных дзеяньняў з боку пратэстоўцаў не было.

У лютым у інтэрвію Свабодзе сваякі абвінавачаных сьцьвярджалі, што агульнадаступнае ў інтэрнэце відэа, дзе гараджане нападаюць на сілавікоў, вырвалі з кантэксту.

«Падчас сутыкненьняў людзі не атакавалі. Яны абараняліся», — камэнтавалі тады яны падзеі 9–10 жніўня.

Прадстаўнікі абвінавачаных: міліцыя справакавала пратэстоўцаў, іх кіраўнік даў каманду — «Адкрыць агонь»

Сёньня ў пацьверджаньне сваіх словаў родныя падсудных расказваюць пра відэафайлы, якія пракуроры прадставілі суду для азнаямленьня ў ходзе перадапошняга судовага пасяджэньня 13 красавіка. Судзьдзя Яўген Брэган выцягваў іх з запячатаных канвэртаў перад прысутнымі ў залі. Раней гэтыя запісы нідзе не фігуравалі. Імаверна, іх узялі зь міліцэйскіх рэгістратараў.

На адным з такіх відэафайлаў прысутныя на судзе заўважылі, як пасьля 00.30 10 жніўня людзі рэзка пачалі адбягаць ад ланцуга супрацоўнікаў міліцыі на вуліцы Заслонава. Такія дзеяньні справакавала тое, што з боку вуліцы Бутрымовіча з ужываньнем шумавога эфэкту да першапачатковага ланцуга сілавікоў падбеглі зводныя падразьдзяленьні Пінскага, Столінскага, Лунінецкага і Янаўскага РАУС. Потым сілавікі сталі паўкругам. Пратэстоўцам падалося, што іх акружаюць і неўзабаве прыменяць да іх фізычную сілу.

Кіраўнік пінскай міліцыі Дзьмітры Каравякоўскі
Кіраўнік пінскай міліцыі Дзьмітры Каравякоўскі

У ходзе суду высьветлілася, што пратэстоўцы пачалі абараняцца пасьля каманды Дзьмітрыя Каравякоўскага «да бою» і ягонага закліку на выцясьненьне. Гэтыя фразы падпалкоўнік вымавіў у мэгафон, таму, акрамя міліцыянтаў, іх пачулі і пратэстоўцы. У гэты час сілавікі пачалі перадаваць атрыманую каманду па ланцужку. Для захаваньня рытму кроку яны грукалі шчытамі з воклічамі «раз, два, тры». На скрыжаваньні вуліц Заслонава і Леніна ў момант выцясьненьня грамадзян начальнік ГАУС прамаўляў таксама: «Усім здацца» і «Атачаем і затрымліваем усіх». А крыху пазьней у мэгафон падпалкоўнік даў распараджэньне: «Адкрыць агонь».

Пры гэтым сам Каравякоўскі раней у судзе заяўляў, што ніякіх загадаў асабіста не даваў. Аднак паказаў, што адзін зь яго супрацоўнікаў зрабіў некалькі папераджальных стрэлаў у паветра, каб адагнаць натоўп пратэстоўцаў. Міліцыянт Русін, калі яго дапытвалі як пацярпелага, пацьвердзіў, што сапраўды страляў у паветра. Іншыя пацярпелыя міліцыянты казалі, што выцясьняць людзей пачалі моўчкі або пасьля канкрэтнай каманды гэта зрабіць.

«Мы некаторы час сумняваліся, „адкрыты бой“ ці „адкрыць агонь“, — кажуць сваякі падсудных. — Запісаўшы ўбачанае на пасяджэньні ў нататнікі, пасьля вяртаньня дадому мы пачалі параўноўваць запісы. І прыйшлі да высновы, што ўсё ж такі кіраўнік пінскай міліцыі Каравякоўскі аддаў каманду страляць. Сумневы разьвеяліся, калі наступнага дня ў судзе гэта пацьвердзіў адзін з адвакатаў».

Усе каманды, на думку прадстаўнікоў абароны абвінавачаных, 10 жніўня пратэстоўцы ўспрымалі літаральна. Людзі думалі, што да іх прыменяць сілу, таму і пачалі абараняцца. Сутыкненьні пачаліся ў 00.38. І ўжо ў 00.43 ланцуг супрацоўнікаў міліцыі пачаў адступаць да тарца будынку ГАУС.

Адвакаты падсудных таксама сьцьвярджаюць, што падзеі маглі б разьвівацца інакш, калі б падпалкоўнік агучваў каманды ў завуаляванай форме, якую маглі б зразумець выключна супрацоўнікі міліцыі.

Сёлета ў лютым гарадзкія ўлады назвалі Дзьмітрыя Каравякоўскага «Чалавекам году» ў намінацыі «Законнасьць, правапарадак, абарона Айчыны».

«Вырашыў абараніць бяззбройных людзей, таму што я так выхаваны»

На судовых паседжаньнях пацярпелыя міліцыянты ў сваіх паказаньнях неаднаразова сьцьвярджалі, што пратэстоўцы былі агрэсіўна настроеныя. Пад правакацыямі і псыхалягічнай атакай з боку грамадзян яны мелі на ўвазе, сярод іншага, выкрыкі «Жыве Беларусь!», «Кладзіце шчыты», «Ганьба». Таксама сілавікі сьцьвярджалі, што не чынілі гвалту ў адносінах да пратэстоўцаў.

Тым ня менш, па словах сваякоў падсудных, у вышэйзгаданым відэафайле яны разгледзелі, як яшчэ перад сутыкненьнямі, калі міліцыя атачала пратэстоўцаў, 20–30 чалавек засталіся заціснутымі паміж двума шыхтамі сілавікоў. Пазьней у бок грамадзянаў прагучалі воклічы: «Бі!». Большасьць абвінавачаных у сваіх паказаньні сьцьвярджала, што менавіта тады яны і заўважылі людзей, зьбітых сілавікамі.

Так, 19-гадовы падсудны Алег Рубец сказаў, што ўбачыў чалавека, які ляжаў на зямлі з акрываўленай галавой. Разам зь іншымі незнаёмымі яму людзьмі ён дапамог мужчыну ўстаць. У сваіх паказаньнях Рубец дадаў, што яго раззлавалі гвалт і несправядлівасьць, таму ён і кінуў у супрацоўніка жменю зямлі, якая да таго нават не даляцела.

Абвінавачаны бацька траіх дзяцей, 36-гадовы Вячаслаў Рагашчук таксама адзначыў, што яго абурыў міліцэйскі гвалт.

«... Я пачуў, як пачалі біць чалавека. Пазьней з боку сквэра я ўбачыў мужчыну ў белай майцы ў крыві. Гэта мяне вельмі раззлавала, таму я пабег ратаваць людзей. Выцягнуў дзяўчыну, дапамог яшчэ хлопцу. Потым вярнуўся на скрыжаваньне і ўдарыў нагой у шчыт, — адзначаў у паказаньнях Рагашчук. — Я вырашыў абараніць бяззбройных людзей, таму што я так выхаваны».

Фігурантаў справы пасьля затрыманьня «страшна зьбілі»

Па словах родных палітвязьняў, на паседжаньні 13 красавіка паказалі таксама фота і відэа падсудных, зробленыя пасьля іх затрыманьня 10–11 жніўня. Сваякі фігурантаў кажуць, што былі ў шоку. На прадстаўленых кадрах, кажуць яны, «хлопцы былі страшна зьбітыя».

«У Алега была такая драпіна на шчацэ, як быццам яго цягнулі тварам па асфальце. Губа адвіслая і апухлая», — кажа мачыха Алега Рубца Тацяна.

Прысутныя на паседжаньні казалі, што ў 43-гадовага абвінавачанага Станіслава Міхайлава на воку была велізарная сіняя гематома, празь якую самога вока нават не было бачна.

Яшчэ адзін абвінавачаны, 20-гадовы Вячаслаў Шэлемет, у судзе таксама сьцьвярджаў, што назіраў зьбіцьцё грамадзян 10-га жніўня. У паказаньнях Шэлемет расказаў, што яго самога затрымлівалі каля сямі спэцназаўцаў. І дадаў: «Мяне так ніхто ніколі ў жыцьці ня біў».

З усіх фігурантаў «пінскай справы» больш за ўсіх зьбілі Вячаслава Рагашчука. У матэрыялах справы ёсьць дакумэнтальна пацьверджаная судовая экспэртыза, дзе пералічаныя ягоныя траўмы. Сярод іх (тое, што пасьпелі запісаць родныя, калі зачытваў пракурор. — РС) — гематома шыі, пашкоджаньне завушнай вобласьці, правага пляча, правай часткі скулавой вобласьці, грудной вобласьці, якая пераходзіць у падпахавую западзіну, бакавыя левая і правая паверхні сьцягна, гематомы ад ня менш як васьмі ўдараў тупым прадметам.

Па словах пракурора, вызначыць характар утварэньня гэтых траўмаў, як і абставіны іх атрыманьня, не ўяўляецца магчымым.

А вось што пра зьбіваньне пратэстоўцаў расказваў начальнік ГАУС Пінску Дзьмітры Каравякоўскі.

«Людзі блытаюць, што такое „жестокое“ і што такое „жёсткое“ [затрыманьне або абыходжаньне]. „Жестокое“ — гэта калі чалавек ужо ня рухаецца, на ім кайданкі, ён сядзіць у транспартным сродку альбо знаходзіцца ў будынку АУС, і да яго ўжываецца сіла. Гэта недапушчальна. Гэта перавышэньне межаў нашых паўнамоцтваў. Але калі людзі ідуць на працягу трох дзён з палкамі, камянямі, выходзяць кожны вечар і дзень на вуліцы і гэтымі натоўпамі, што ўлюлюкаюць, ходзяць і грамяць горад — ну, напэўна, у гэты момант дазволена прымяненьне сілы. Гэта называецца „жёсткое“ затрыманьне. Лідэраў, на якіх нас выводзіла выведка, мы затрымлівалі „жёстко“. Таму што мы ведалі, на што гэтыя людзі здольныя. Тыя, хто спрабаваў іх адбіць, атрымлівалі, вядома ж, па мяккіх тканках гумовай палкай. Бяз гэтага немагчыма. Яна даволі-такі элястычная, мяккая, і пры прымяненьні яе па целе не наносіць сур’ёзных траўмаў. Гэта сінякі, удары, але ня больш за тое» — тлумачыў Каравякоўскі ў сьнежні ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1».

Па словах маці і сястры Вячаслава Рагашчука, нягледзячы на пагаршэньне стану яго здароўя, цягам 8 месяцаў яму не аказваюць мэдычнай дапамогі. Вячаслаў па-ранейшаму скардзіцца на галавакружэньні, звон і боль у галаве, шум у вушах.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG