Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як палітычных зьняволеных пазначаюць у калёніях: чырвоныя біркі і надпісы на фуфайцы


Папраўчая калёнія №3 ў Віцебску
Папраўчая калёнія №3 ў Віцебску

Палітвязьняў, асуджаных пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, адпраўляюць адбываць пакараньне ў калёніі. Сваякі кажуць, што да іх там «асаблівае стаўленьне».

Партал Tut.by на ўмовах ананімнасьці пагаварыў зь людзьмі, чые блізкія ўжо адбываюць прызначаныя судамі тэрміны. Імёны не называюцца, каб не пагоршыць і без таго складаныя ўмовы.

«Усё было ў парадку, пакуль ён быў на карантыне, — расказаў бацька асуджанага. — А ўжо з атраду і лісты сталі прыходзіць радзей, і наогул шмат чаго ня можа расказаць. Ведаем, што ў яго як у „палітычнага“ на фуфайцы прозьвішча выбітае іншым колерам — каб і зьняволеныя, і супрацоўнікі калёніі бачылі, што „асаблівы“. Начальства выклікала, прэсавала, ідэалягічна апрацоўвала. Стан быў настолькі прыгнечаны, што мы асьцерагаліся, каб хоць ня ўзьнікла суіцыдальных думак».

Сваячка яшчэ аднаго палітвязьня паведаміла, што амаль адразу па прыбыцьці ў калёнію ён атрымаў некалькі спагнаньняў за нязначныя парушэньні.

«Яго паставілі на прафіляктычны ўлік як асобу, „схільную да экстрэмізму“, — кажа суразмоўніца. — І на адзеньне павесілі бірку чырвонага колеру».

Паводле юрыста Паўла Сапелкі, палітвязьні ў Беларусі і раней сутыкаліся з такім падыходам. Так, у 2016 годзе Міхаілу Жамчужнаму як «асобе, схільнай да экстрэмізму», выдалі бірку з чырвоным абадком. Такія вязьні павінны праходзіць па дзьве дадатковыя праверкі ў дзень, акрамя дзьвюх асноўных.

Некаторых палітвязьняў ставяць на прафіляктычны ўлік яшчэ да таго, як абвінаваўчы прысуд уступае ў сілу. Так адбылося з мэдыямэнэджарам Андрэем Аляксандравым, актывістам Міколам Дзядком, журналістамі Дар’яй Чульцовой і Кацярынай Андрэевай.

Раней практыка вылучаць колерам ужывалася і ў адносінах да асуджаных па «наркатычным» 328-м артыкуле: людзей прымушалі хадзіць у вопратцы зь зялёнымі нашыўкамі. Пасьля скаргі родных у ААН біркі замянілі на белыя, як у астатніх зьняволеных.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG