Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пакуль не авіябаза. Расейскія вайскоўцы гэтым летам пачнуць службу на беларускім аэрадроме


Самалёт Su-30SM расейскіх Вайскова-касьмічных сіл. Ілюстрацыйнае фота.

Сілы супрацьпаветранай абароны Расеі і Беларусі летам гэтага году пачнуць сумеснае баявое дзяжурства на адным зь беларускіх аэрадромаў.

Пра гэта заявіў камандуючы ВПС і войскамі СПА Беларусі генэрал-маёр Ігар Голуб, якога цытуе «Інтэрфакс».

Ён адзначыў, што ў канцы 2020 году міністры абароны Беларусі і Расеі зацьвердзілі плян дзеяньняў дзяжурных сіл па СПА войскаў і сродкаў Адзінай рэгіянальнай сыстэмы СПА дзьвюх краін.

«У рамках практычнай рэалізацыі ўжо гэтым летам на адным з нашых аэрадромаў у Рэспубліцы Беларусь пачынаецца нясеньне сумеснага баявога дзяжурства сіламі і сродкамі Вайскова-паветраных сілаў і войскаў СПА Рэспублікі Беларусь і Паветрана-касьмічнымі сіламі РФ», — сказаў ён.

Акрамя таго, Голуб адзначыў, што беларускія вайскоўцы пастаянна задзейнічаныя ў сумесных трэнінгах СПА. У 2021 годзе плянуецца ўдзел у апэратыўна-тактычных вучэньнях з родамі войскаў ВПС і СПА Беларусі на палігоне Ашулук у Астраханскай вобласьці і ў сумесных вучэньнях «Баявая садружнасьць – 2021».

На працягу некалькіх гадоў Расея вяла перамовы аб разьмяшчэньні ў Беларусі вайсковай авіябазы. Урад Расеі 2 верасьня 2015 году прыняў праект адпаведнай пастановы, прэзыдэнт Пуцін выдаў распараджэньне падпісаць адпаведнае пагадненьне. Аднак Аляксандар Лукашэнка адхіліў прапанову і адмовіўся ад разьмяшчэньня ў Беларусі авіябазы РФ.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG