Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па новым законе аб палітычных партыях ніхто зь неляяльных ня пройдзе перарэгістрацыю, — Быкоўскі


Зьезд «Белай Русі». Архіўнае фота
Зьезд «Белай Русі». Архіўнае фота

Палітычны аналітык Паўлюк Быкоўскі праводзіць паралелі паміж сёньняшняй Беларусьсю і «нармалізацыяй» у Чэхаславаччыне пасьля задушэньня «Праскай вясны» 1968-га, а таксама называе ўмовы, пры якіх Лукашэнка зноў можа стаць геапалітычна карысным Захаду.

Сьцісла:

  • Ня можа доўга трываць тое, калі выкарыстоўваецца толькі пуга, пры адсутнасьці перніка.
  • «Рэал-палітык» можа зноў зьявіцца, калі Беларусь пакажа сваю самастойную замежную палітыку і, напрыклад, ня пусьціць на сваю тэрыторыю расейскія войскі.
  • Лукашэнка можа зноў стаць геапалітычна карысным Захаду, калі захавае самастойную пазыцыю. І ня факт, што гэта яму ўдасца.

— Выказваньне міністра замежных спраў Беларусі Ўладзімера Макея пра тое, што ў краіне можа зьнікнуць грамадзянская супольнасьць, многія заканамерна ўспрынялі як пагрозу і шантаж. Маўляў, калі будзеце працягваць санкцыі, мы будзем рэпрэсаваць людзей, грамадзян Беларусі, з праэўрапейскай накіраванасьцю.

— Вядома, гаворка ідзе не пра ўсю грамадзянскую супольнасьць. А менавіта пра тую яе частку, якая арыентаваная на эўрапейскія каштоўнасьці, зьяўляецца правадніком гэтых каштоўнасьцяў. Калі казаць пра афіцыйныя праекты, тую «грамадзянскую супольнасьць», якая кантралюецца дзяржавай, — то тут ёсьць відавочная тэндэнцыя, калі, напрыклад, гуманітарную дапамогу імкнуцца накіроўваць у праекты, падкантрольныя дзяржаве.

Паўлюк Быкоўск
Паўлюк Быкоўск

— На якія галіны і часткі грамадзянскай супольнасьці ўлады зараз будуць зьвяртаць найбольшую рэпрэсіўную ўвагу?

— Тут можна праводзіць паралелі з «нармалізацыяй» у Чэхаславаччыне пасьля падаўленьня «Праскай вясны». Тады фактычна ўсю гуманітарную інтэлігенцыю пазбавілі права на прафэсію. Нешта такое можна назіраць цяпер у Беларусі — альбо самі людзі звальняюцца, альбо актыўна звальняюць зь дзяржаўных структураў тых, хто выказваў сваю грамадзянскую пазыцыю.

Некамэрцыйны трэці сэктар у значнай ступені працуе альбо як грамадзянскія ініцыятывы, якія ўзьнікаюць з нагоды нейкай праблемы, выпадку, альбо стала працуюць дзякуючы замежным грантам. Я думаю, усё, што тычыцца замежных грантаў, цяпер будзе ў значнай ступені адсечана. Ня ведаю, ці будзе перарэгістрацыя няўрадавых арганізацыяў, але наконт палітычных партыяў такі загад быў дадзены.

Выглядае, што па новым законе аб палітычных партыях ніхто ня пройдзе перарэгістрацыю з тых, каго можна аднесьці да неляяльных да рэжыму. Магчыма, будзе створана такая «палутарная» палітычная сыстэма, калі будзе існаваць партыя ўлады і дадаткова нейкая другая ляяльная партыя кшталту камуністычнай ці лібэральна-дэмакратычнай. Тое, што было ў некаторых краінах «сацыялістычнай дэмакратыі» за савецкім часам. Астатнія партыі ня пройдуць рэгістрацыі.

— Мне падаецца, што ў паралелях з «Праскай вясной» галоўнае адрозьненьне ў тым, што ў Чэхаславаччыне рэфармісцкі рух быў здушаны замежнай агрэсіяй, савецкімі танкамі. А ў Беларусі жаданьне пераменаў грамадзтва душыць сілавым шляхам уласная ўлада.

— Любыя гістарычныя параўнаньні кульгаюць. Цікава, аднак, на што могуць арыентавацца ўлады і якія інструмэнты выкарыстоўваліся ў комплексе. Беларускаму кіроўнаму рэжыму не спатрэбілася ўмяшаньне замежнага войска, але пэўная дамоўленасьць пра магчымасьць яго ўвядзеньня была.

Даволі працяглы час у Беларусі быў эканамічны пад’ём, даходы насельніцтва расьлі, і людзі былі задаволеныя, не асабліва наракалі на тое, што грамадзянскія правы зьнікаюць. Цяпер у эканоміцы зусім іншая сытуацыя. У Чэхаславаччыне пасьля 1969 году быў рост эканомікі, у нас яго не прадбачыцца. Таму я ня думаю, што можа доўга трываць тое, калі выкарыстоўваецца толькі пуга, пры адсутнасьці перніка. Нават калі зьнешнія праявы нездавальненьня могуць зьнікнуць (але і гэта ня факт), сапраўдная нармалізацыя наўрад ці адбудзецца. Гэта такая крохкая сыстэма, у якой вельмі шмат выклікаў.

— Як Захад можа рэагаваць на тую тактыку, якая была вызначана ў заяве Макея? Маўляў, калі вы будзеце павялічваць санкцыі, мы будзем рэпрэсаваць нашых жа грамадзян, якія неяк зьвязаныя з вамі, арганізацыйна ці ідэйна.

— Цяпер фокус увагі пераключыўся на ўсход Украіны, і тое, што адбываецца ў Беларусі, становіцца менш важным для сусьветнай супольнасьці. Да канца гэтага месяца будзе прынятае рашэньне размарозіць, вярнуць у дзеяньне амэрыканскія санкцыі супраць «Белнафтахіму». Апошнія заявы ўладаў увогуле і МЗС у прыватнасьці кажуць пра тое, што ўлады рыхтуюцца абгрунтоўваць пагаршэньне адносінаў з ЗША тым, што Вашынгтон нібыта праводзіць агрэсіўную палітыку.

Калі апошні раз уводзіліся санкцыі, то праз пэўны час беларускія палітзьняволеныя былі вызваленыя. Ня ведаю, ці спрацуе гэта і зараз. Калі Беларусь становіцца не такой важнай для міжнароднай супольнасьці, то рэжыму ў Менску менш неабходнасьці гандляваць палітзьняволенымі.

— Якая б ні была міжнародная ўвага, пэўныя структуры, якія адказваюць за беларускую тэматыку, так ці іначай павінны рыхтаваць пэўныя рашэньні. Ці лічыце вы, што Эўразьвяз прыме чарговы пакет санкцыяў?

— Сам мэханізм павелічэньня санкцыяў запушчаны, і гэта будзе дастаткова аўтаматычна. Але Эўропа, у адрозьненьне ад ЗША, прымае такія рашэньні кансэнсусам усіх краінаў, таму гэты працэс будзе не такі хуткі.

— Пра што сьведчаць апошнія затрыманьні — лідэра партыі БНФ Рыгора Кастусёва, публіцыста Аляксандра Фядуты і грамадзяніна ЗША адваката Юрася Зянковіча? Што тычыцца Зянковіча — гэта спроба ўзяць закладніка для перамоваў з Вашынгтонам?

— Я б разглядаў гэтую сытуацыю як пэўнае паўтарэньне гісторыі з паліттэхнолягам Шкляравым. Трэба нагадаць, што Юрась Зянковіч ня толькі амэрыканскі, але і беларускі грамадзянін. Але спачатку трэба мець хоць якую афіцыйную фабулу наконт таго, за што яны ўсе затрыманыя. Можа, гэта будзе нейкі мітычны «Саюз вызваленьня Беларусі», які хацеў ажыцьцявіць пераварот.

— Ці можна лічыць, што заходняя пазыцыя ў дачыненьні да Лукашэнкі ўжо стратэгічна вызначылася і істотна ня зьменіцца? Што цяпер ужо канчаткова пануе меркаваньне, што гэта ня той палітычны рэжым, зь якім варта мець нешта агульнае, а хутчэй варта рабіць крокі, якія паспрыяюць яго зьмене?

— Так, цяпер ёсьць даволі моцнае адрозьненьне ад таго, што было раней. Бо і раней вынікі выбараў не прызнаваліся справядлівымі і дэмакратычнымі, але прызнавалася, што Лукашэнка застаецца прэзыдэнтам Беларусі. Цяпер Эўропа і ЗША заявілі, што яны ня лічаць, што Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам Беларусі, і гэта накладае пэўныя абмежаваньні на стасункі зь ім.

«Рэал-палітык» можа зноў зьявіцца, калі Беларусь пакажа сваю самастойную зьнешнюю палітыку і, напрыклад, ня пусьціць на сваю тэрыторыю расейскія войскі. Апошнія выказваньні Макея акурат пакуль ня сьведчаць, што Беларусь праводзіць самастойную зьнешнюю палітыку.

Можна ўзгадаць, як Лукашэнка папрасіў Пуціна перадаць Мэркель, каб яна яму не званіла. Ну, калі Лукашэнка саступіў гэтую магчымасьць кантактаваць з заходнімі лідэрамі свайму расейскаму калегу, то выходзіць, што ім з Пуціным і варта размаўляць.

Але сытуацыя можа мяняцца. Давайце пачакаем, як скончыцца канфлікт вакол усходу Ўкраіны.

— Думаеце, калі расейска-ўкраінскі канфлікт разгарыцца даволі сур’ёзна — Лукашэнка зноў можа стаць геапалітычна карысным Захаду?

— Ён можа стаць геапалітычна карысным Захаду, калі захавае самастойную пазыцыю. І ня факт, што гэта яму ўдасца зрабіць.

Але цяперашні візыт Лукашэнкі ў Азэрбайджан, калі Беларусь зноў просіць пастаўкі нафты адтуль — азначае, што Беларусь для гэтага зьбіраецца карыстацца адэскім портам. То бок гэта даволі цікава накладаецца на сытуацыю ў рэгіёне. Лукашэнка тут гуляе ў некалькі гульняў, але бяз доступу да ўсёй інфармацыі іх ацаніць даволі складана.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG