Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 14 красавіка: 3 гады зьняволеньня блогерам, 2,5 года «хатняй хіміі» настаўніцы, выступ пракурора ў «пінскай справе»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

У Беларусі працягваюцца суды за падзеі пасьлявыбарнага пэрыяду. Свабода сочыць за палітычнымі працэсамі. Абнаўляецца.

Пракурор патрабуе для 14 фігурантаў «пінскай справы» зьняволення

Дзяржаўны абвінаваўца запрасіў для ўсіх падсудных ад 5 з паловай да 6 з паловай гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму, апрача Сяргея Маўшука,
які быў пад хатнім арыштам, пракурор просіць суд пакараць яго на 6 з паловай гадоў у калёніі агульнага рэжыму.

Працэс ідзе ў судзе Маскоўскага раёну Берасьця. На працягу некалькіх месяцаў 13 фігурантаў так званай «пінскай справы» (Раман Багнавец, Рыгор Гунько, Сяргей Ляжэнка, Алена Маўшук, Вячаслаў Рагашчук, Алег Рубец, Аляксандар Цярэшка, Артур Халімончык, Вячаслаў Шалямет, Дэвід Масьціцкі, Данііл Богнат, Станіслаў Мiхайлаў, Ігар Салавей) знаходзіліся ў Баранавіцкім СІЗА № 6, яшчэ адзін (Сяргей Маўшук) пад хатнім арыштам.

Усім ім пасьля падзей у Пінску 9–10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Што трэба ведаць пра «пінскую справу»

Суды над 14 пінчукамі працягваюцца з 23 сакавіка. Усім ім пасьля падзей у Пінску 9–10 жніўня выставілі абвінавачаньне паводле ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу (удзел у масавых беспарадках). Падсудным пагражае ад 3 да 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Віны, па словах Тацяны Рубец, не прызналі Станіслаў Міхайлаў, Ігар Салавей, Даніла Богнат і Аляксандар Цярэшка. Усе астатнія прызналі часткова. Яны сьцьвярджаюць, што толькі знаходзіліся ў месцы сутыкненьняў, аднак гвалтоўных дзеяньняў у адрас сілавікоў ніхто зь іх не рабіў.

Дзяржабвінаваўца сьцьвярджае, што 9 жніўня 2020 году абвінавачваныя

  • бралі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве каля будынку Пінскага райвыканкаму,
  • груба парушылі грамадзкі парадак;
  • учынілі пагромы, нанесьлі супрацоўнікам міліцыі ўдары рукамі, нагамі і рознымі прадметамі — дошкамі, палкамі, вулічнымі скрынямі, фрагмэнтамі тратуарнай пліткі і бэтонных парапэтных плітаў, бутэлькамі, камянямі, мэталічнымі вырабамі і арматурай;
  • пасьля чаго наўмысна зьнішчылі і пашкодзілі транспартныя сродкі і іншую маёмасьць, якія належалі міліцыі, фізычным і юрыдычным асобам.

«Хатняя хімія» настаўніцы за рэпост

У судзе Янаўскага (Іванаўскага) раёну Берасьцейскай вобласьці 14 красавіка асудзілі мясцовую настаўніцу Алену Пуцыковіч паводле артыкулу 188 Крымінальнага кодэксу «Паклёп».

Па матэрыялах сьледзтва, Пуцыковіч «з мэтай распаўсюджваньня заведама лжывых зьвестак, якія зьневажаюць старшага опэрупаўнаважанага групы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі АУС Янаўскага раёну Аляксандра Задарожнага. 12 лістапада 2020 у тэлеграм-чаце «Иваново для жизни», настаўніца разьмясціла рэпост аб тым, што ён «здымаў на камэру жанчын зь белымі і чырвонымі балёнікамі і кветкамі, а потым ілжэсьведчыў у судзе супраць іх».

У пачатку пасяджэньня 12 красавіка ў судзе Янаўскага раёну пацярпелы, начальнік Драгічынскага РАУС Юры Котыш, хадайнічаў зрабіць пасяджэньне закрытым у сувязі з тым, што «могуць быць закранутыя службовыя інтарэсы».

Дзяржабвінаваўца прасіў для Алены Пуцыковіч 2 гады 6 месяцаў без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Таксама пракурор лічыць магчымым задаволіць грамадзянскія пазовы пацярпелых у поўным аб’ёме — па 1500 рублёў кожнаму. З гэтым пагадзіўся і судзьдзя.

Адвакат Алены Пуцыковіч лічыць, што яе віны суд не даказаў.

Блогераў зь Берасьця Пятрухіна і Кабанава асудзілі на тры гады зьняволеньня

Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава вінаватымі ў арганізацыі групавых дзеяньняў, якія груба парушылі грамадзкі парадак (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу) ды зьнявазе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў (артыкул 369 КК).

Пятрухін асуджаны яшчэ за абразу судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі (артыкул 391 КК).

Судзьдзя Вольга Краўчанка пакарала іх трыма гадамі зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. Падсудныя мусяць выплаціць кожны па 750 рублёў кампэнсацыі маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку, якога, паводле сьледзтва, зьняважыла публікацыя блогераў у сацыяльных сетках.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG